Артыкулы: Саўлеская бітва 1236
Саўлеская бітва 1236. Адбылася 22 вер. паміж войскам жамойтаў і замгалаў з аднаго боку і крыжаносцамі з другога. У 2-й пал. лета 1236 быў арганізаваны крыжовы паход на Жамойць, у якім удзельнічалі Лівонскі ордэн і шмат рыцараў з Зах. Еўропы. У крыжацкім войску былі таксама хрышчаныя эсты, лівы, латгалы, 200 ваяроў з саюзнага Пскова, а таксама воіны з Ноўгарада. Калі ўдзельнікі паходу са здабычай вярталіся назад, на іх напалі жамойты і земгалы. Бітва адбылася каля населенага пункта Саўле (такая назва ў нямецкіх хроніках, яго атаясамліваюць з сучасным г. Шаўляй у Літве або з в. Вецсаўле ў Латвіі). У балоцістай мясцовасці цяжкая конніца рыцараў не змагла супрацьстаяць лёгкаўзброенаму праціўніку. Быў забіты магістр Фолькевін, 48 рыцараў, шмат інш. крыжакоў. У выніку паражэння ордэна супраць яго паўсталі куршы, земгалы і селы, ён фактычна страціў заваяваныя раней землі на левым беразе Дзвіны. У 1237 Лівонскі ордэн быў вымушаны далучыцца да Тэўтонскага. Жамойць часова пазбавілася крыжацкіх нападаў.
Літаратура:
Ivinskis Z. Saules-Šiauliu kautynes
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


