Артыкулы: сотнік
сотнік, службовая асоба гарадскога самакіравання Беларусі ў 16—18 ст., якая ўзначальвала сотню — частку гарадской абшчыны, вылучаную з вайсковымі і фіскальнымі мэтамі. Пасада С. не прадугледжвалася нормамі магдэбургскага права, але існавала і ў гарадах з такім правам. На думку З.Ю.Капыскага, наяўнасць соценнага падзелу ў гарадах Беларусі сведчыць пра існаванне ў дамангольскі перыяд вечавой арганізацыі гар. самакіравання. С. выбіраліся з заможных мяшчан. Паводле ўстаўнай граматы Магілёву 20.2.1561, там гар. адміністрацыю ўзначальваў войт, якому дапамагалі 4 С. Яны сачылі, у т.л. праз падначаленых ім дзесятнікаў, за выкананнем мяшчанамі павіннасцей, выплатай падаткаў. Важным абавязкам С. было з’яўляцца са сваёй сотняй на замкавыя работы і для абароны замка ад непрыяцеля. С. прымалі ўдзел у пасяджэннях гар. рады, хоць і не ўваходзілі ў склад магістрата, без іх згоды войт не меў права прымаць важныя рашэнні. У пач. 17 ст. колькасць С. у Магілёве дасягала 17 чал. У 1655 у Слуцку 18 С. камандавалі сваімі сотнямі (атрады па 100 чал.) у складзе 4 палкоў гар. апалчэння — міліцыі; у 1775 налічвалася 5 соцень, якія выкарыстоўваліся і для збору падаткаў. У Копысі ў 1635 было 5 соцень, у Шклове ў 1643 — 11 соцень, яны вядомы ў пач. 18 ст. ў Быхаве і інш. гарадах.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


