Артыкулы: Спірыдон (у свеце Сава Сатана)
Спірыдон (у свеце Сава Сатана) (?—1510-я г.), дзеяч праваслаўнай царквы, пісьменнік. Паходзіў з Цвярскога княства. У час барацьбы за Кіеўскую мітраполію паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай выступіў як пабочны кандыдат. Прыбыў у Канстанцінопаль, дзе 15.9.1475 атрымаў ад патрыярха Рафаіла пасвячэнне ў мітрапаліты разам з ганаровым тытулам «мегала эклісея весцітара» — хавальніка патрыяршых адзенняў. Мяркуецца, што паездку С. падтрымала слуцкая княжна Соф’я Сямёнаўна, якая ў 1471 выйшла замуж за цвярскога кн. Міхаіла Барысавіча, і яе маці-ўдава. Акцыя была накіравана, відаць, супраць імкнення колаў ВКЛ заключыць царк. унію з каталіцкай царквой (што выявілася ў пасланні кіеўскага мітрапаліта Місаіла рымскаму папе ў 1476). У пач. 1476 С. прыбыў у ВКЛ, аднак быў там затрыманы. Яму было вызначана месца жыхарства ў г. Пуня, дзе напісаў «Выклад аб праваслаўнай сапраўднай нашай веры» і «Слова на свята Зыходжання Святога Духа». Пры невядомых абставінах С. вызваліўся з няволі і пераехаў у Маскоўскую дзяржаву. Аднак і тут не прызналі яго мітрапаліцкага тытула. Прынамсі з 1483 С. трымалі ў зняволенні ў Ферапонтавым Белазёрскім манастыры, дзе напісаў «Жыціе Зосімы і Савація салавецкіх» і «Пасланне аб Манамахавым вянцы» (выклад бліскучай гісторыі маскоўскіх вял. князёў на фоне ўсеагульнай гісторыі; прыніжаючы дынастыю Гедзімінавічаў, С. называў Гедзіміна конюхам дробнага васала смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча). С. быў вядомы сярод сучаснікаў як энергічны і шырока адукаваны чалавек, «слуп царквы», аднак асабістыя яго амбіцыі не атрымалі рэалізацыі.
Літаратура:
Турилов А.А. Забытое сочинение митрополита Саввы-Спиридона литовского периода его творчества // Славяне и их соседи. М., 1999. Вып. 7;
Флоря Б.Н. Попытка осуществления церковной унии в Великом княжестве Литовском в последней четверти XV—начале XVI века // Там жа.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


