Артыкулы: «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх»

«Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», гістарычна-геаграфічны твор канца 14 ст., у якім змешчаны пералік «рускіх» гарадоў Усходняй Еўропы, часам з кароткімі тлумачэннямі (колькі ў іх «каменных сцен» і на якой рацэ яны стаяць). Гарады падзелены на групы: балгарскія і валошскія, польскія (падольскія), кіеўская, валынскія, літоўскія, смаленскія, разанскія, залескія; усяго названа 358 гарадоў. «Спіс» захаваўся ў складзе рус. летапісаў сярэдзіны 15—пач. 17 ст. Мяркуецца, што ён складзены ў канцылярыі мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Кіпрыяна на падставе больш ранніх спісаў і адлюстроўвае населеныя пункты, падначаленыя ўладзе правасл. («рускага») мітрапаліта. Бел. гарады ў асноўным уключаны ў раздзел «літоўскія гарады». Сярод іх: «Рша камен» (Орша з мураваным замкам), «Полтеск на Двине и на Полоте древян, а святая София каменна о седми версех», «Видбеск, 3 стены камены, а река Видба и Двина», «Крев камен», Слуцк, Менск, Новагародак і інш. Адзін раз упамінаюцца і не лакалізуюцца на сучаснай карце гарады Беразуеск, Няміза, Мчэнеск. Шмат бел. гарадоў упомнена сярод кіеўскіх: Гомель, Магілёў, Рэчыца, Капыль, Тураў і інш. Сярод валынскіх гарадоў адзначаны Пінск, Берасце і інш. У «Спісе» ўпершыню адзначаны бел. гарады і мястэчкі Горваль, Лоск, Магілёў, Стрэшын, Цяцерын. Падзел усх.-слав. гарадоў на групы адлюстроўвае, відаць, паліт. межы больш ранняга часу. «Спіс» мае вял. значэнне для гіст.-геагр. даследаванняў, вывучэння паліт. гісторыі і змянення межаў ва Усх. Еўропе ў 14 ст.

Літаратура:

Тихомиров М.Н. «Список русских городов дальних и ближних» // Тихомиров М.Н. Русское летописание. М., 1979;

Наумов Е.П. К истории летописного «Списка русских городов дальних и ближних» // Летописи и хроники, 1973 г. М., 1974;

Подосинов А.В. О принципах построения и месте создания «Списка русских городов дальних и ближних» // Восточная Европа в древности и средневековье. М., 1978;

Янин В.Л. Новгород и Литва: Пограничные ситуации XIII—XV вв. М., 1998;

Казаков Р.Б. Летописный «Список русских городов дальних и ближних» в исторической науке первой четверти XIX века: Н.М.Карамзин и З.Я.Доленга-Ходаковский // Археографический ежегодник за 2000 год. М., 2001.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.