Артыкулы: Станг (Стан; Stang) Крыстыян Сквейгар

Станг (Стан; Stang) Крыстыян Сквейгар (15.3.1900, г. Осла—2.7.1977), нарвежскі мовазнаўца. Д-р філасофіі (1929). Вучыўся ва ўн-це ў Осла (1918—27), праф. кафедры слав. моў гэтага ун-та (1938—70, з 1955 Славяна-балтыйскі інстытут), дэкан факультэта гуманітарных навук (1958—1960). У 1930-х гг. праводзіў дыялекталагічныя даследаванні на літоўскіх абшарах у Польшчы і Усх. Прусіі, знаёміўся з беларускімі і літоўскімі гаворкамі Віленшчыны і Навагрудчыны, працаваў у польскіх і савецкіх архівах з помнікамі бел. канцылярскай мовы ВКЛ. Аўтар класічных прац па славяна-балтыйскай і індаеўрапейскай параўнальнай лінгвістыцы, па асобных балцкіх і славянскіх мовах. Шмат увагі аддаў даследаванню гісторыі бел. мовы. У кнізе «Заходняруская канцылярская мова Вялікага Княства Літоўскага» («Die westrussische Kanzleisprache des Grossfürstentums Litauen», Осла, 1935) на вял. фактычным матэрыяле ўстанавіў, што з часоў Вітаўта і да Жыгімонта І у граматах вялікакняжацкай канцылярыі вялікую групу складалі дакументы з паўночнавалынскімі (паўднёвабеларускімі) моўнымі рысамі, які зніклі пры праўленні Жыгімонта ІІ Аўгуста; з гэтага часу канцылярская мова цалкам стала беларускай і адлюстроўвала бел. гаворкі Вільні і вакольных зямель. У манаграфіі «Старажытнаруская мова помнікаў горада Полацка» («Die altrussische Urkundensprache der Stadt Polozk», Осла, 1939) падрабязна апісаў фанетыку, марфалогію, сінтакcic i лексіку полацкіх грамат 13—16 ст. Аўтар прац «Мова літоўскага Катэхізіса Мажвідаса» («Die Sprache des litauischen Katechismus von Mažvydas», Осла, 1929), «Славянскі i балтыйскі дзеяслоў» («Das slavische und baltische Verbum», Осла, 1942), «Мова кнігі "Учение и хитрость ратнаго строения пехотных людей", 1647» («La langue du livre "Uchenie i khitrost ratnago stroeniia piekhotnykh liudei", 1647», Осла, 1952), «Славянская акцэнтуацыя» («Slavonic Accentuation», Осла, 1957, 2-е выд. 1965), «Параўнальная граматыка балтыйскіх моў» («Vergleichende Grammatik der baltischen Sprachen», Осла, 1966, 2-е выд. 1975), «Лекцыі па гісторыі рускай мовы» («Forelesninger over russisk språkhistorie», Осла, 1969), «Лінгвістычныя працы» («Opuscula linguistica», Осла, 1970, змешчана бібліяграфія прац С.), «Лексічныя адпаведнікі ў славянскіх, германскіх і балцкіх мовах» («Lexikalische Sonderübereinstimmungen zwischen dem Slavischen, Baltischen und Germanischen», Осла; Берген; Тромсё 1972), «Дадатак: Паказальнік, дапаўненні і выпраўленні да Параўнальнай граматыкі балтыйскіх моў» («Ergänzungsband: Register, Addenda und Corrigenda zur vergleichenden Grammatik der baltischen Sprachen», Осла, 1975). Член Нарвежскай акадэміі навук з 1932 (у 1965 і 1967 яе старшыня), Каралеўскай дацкай акадэміі навук, Каралеўскага шведскага навуковага таварыства ў Упсале.

Творы:

Заходняруская канцылярская мова Вялікага Княства Літоўскага // Arche. Пачатак. 2010. № 6.

Літаратура:

Donum Balticum: To Professor Christian S. Stang on the Occasion of His Seventieth Birthday, 15 March 1970. Stockholm, 1970;

Smoczyński W. Christian S. Stang (1900—1977) // Acta Baltico-Slavica. Wrocław etc., 1979. [T.] 12.

© Валерый Пазднякоў, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.