Артыкулы: суд

суд, дзяржаўная або грамадская ўстанова, якая разглядае i вырашае грамадзянскія спрэчкі i крымінальныя спра­вы, сведчыць маёмасныя i інш. акты. У ВКЛ сельскія i гap. грамады склікалі копны суд, судовыя функцыі выконвалі валасныя старцы;з увядзеннем у гарадах магдэбургскага права ствараліся войтаўска-лаўніцкія суды, бурмістраўска-радзецкія суды, радзецкія суды. Вярхоўная судовая ўлада належала вял. князю літоўскаму i панам-радзе, якія ажыццяўлялі гаспадарскі суд. На месцах ад імя вял. князя судзілі намеснікі, ваяводы, стара­сты i дзяржаўцы, якія стваралі замкавыя суды. З часу правядзення ў сярэдзіне 16 ст. адм.-тэр. рэформы, прыняцця Статута ВКЛ 1566 у паветах утвораны шля­хецкія земскія суды, гродскія суды, падкаморскія суды. Статутам ВКЛ 1588 уведзены эксдывізарска-таксатарскія суды. У часы бескаралеўя шляхта стварала каптуровыя суды. Суды царкоўныя ствараліся правасл., каталіцкімі i уніяцкімі iepapxaмi. Зацікаўленыя бакі маглі звяртацца да палюбоўнага суда. Па фінансавых справах судзіў Скарбовы трыбунал. Скаргі дзярж. сялян разглядаў рэферэндарскі С. (гл. ў арт. Рэферэндар), справы, што датычылі дзярж. маёнткаў, — камісарскія суды. Дзейнічаў таксама каралеўскі задворны асэсарскі С. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для прывілеяваных станаў з 1581 быў Трыбунал Вялікага княства Літоўскага. Найб. важныя справы разглядаў соймавы суд. У прыватных уладаннях феадалаў дзейнічаў вотчынны суд,шляхецкія канфедэрацыі стваралі канфедэрацкія суды. Судовую ўладу над яўрэйскім насельніцтвам мелі кагалы. Рэформамі 2-й пал. 18 ст. некаторыя судовыя функцыі аддадзены органам мясц. кіравання: камісіям добрага парадку, камісіям парадкавым цывільна-вайсковым. Судовую ўладу набылі цэнтр. органы дзярж. улады: Скарбовая камісія Вялікага кня­ства Літоўскага, Вайсковая камісія Вялікага княства Літоўскага, Адукацыйная камісія, Вайсковая камісія абодвух народаў, Камісія паліцыі абодвух народаў, Скарбовая камісія абодвух народаў. У 1792 замест земскіх і гродскіх С. створаны зямянскія суды. С., прадугледжаныя Статутам ВКЛ 1588, дзейнічалі ў Беларусі і Літве да 1840.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.