Артыкулы: валыняне

валыняне — усходнеславянская племянная група. У старажытнарускіх пісьмовых крыніцах згадваецца ў недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў»: «Се бо токмо словенескъ языкъ в Руси: … бужане, зане седоша по Бугу, послеже велыняне», далей: «Дулеби живяху по Бугу, где ныне велыняне». Па прамым сэнсе гэтых паведамленняў, тая частка дулебаў, якая пасялілася ў басейне Буга, першапачаткова звалася бужанамі, пасля гэта племянная назва змянілася новай — валыняне. Нямецкі геаграфічны трактат 2-й паловы 9 ст., т.зв. «Баварскі географ», адзначае бужан (busani), такім чынам, назва валыняне з’явілася пасля гэтага часу. Слова «валыняне» паходзіць ад назвы горада Валынь (Велынь) на р. Буг (цяпер в. Грудэк-Надбужны ў Люблінскім ваяводстве).

Арабскі географ ал-Масудзі (956 г.) пісаў: «З тых плямёнаў адно мела раней у старажытнасці ўладу, яго цара звалі Маджак, а само племя звалася Валінана. Гэтаму племю скараліся ўсе іншыя славянскія плямёны, бо ўлада была ў яго і іншыя цары яму скараліся. ... Мы ўжо вышэй распавядалі пра цара, якому падпарадкоўваліся ў даўнія часы іншыя цары, г.зн. Маджак, цар Валінані, якое племя адно з карэнных плямёнаў славянскіх, яно трымаецца з годнасцю паміж іх плямёнамі і мела перавагу над імі. У далейшым жа пайшлі непаладкі паміж іх плямёнамі, парадак іх быў парушаны, яны падзяліліся на асобныя калены і кожнае племя абрала сабе князя». Шматлікія навукоўцы бачаць у племі Валінана валынян.

Асноўная вобласць рассялення валынян — міжрэчча Буга і Гарыні, на поўдні даходзіла да басейна Днястра. На гэтай тэрыторыі вядомыя археалагічныя помнікі валынян — гарадзішчы, неўмацаваныя паселішчы і курганныя могільнікі. Абрад пахавання — спачатку трупаспаленне, якое да канца 10 ст. змянілася трупапакладаннем (у падкурганнай яме і на гарызонце). Характэрнае ўпрыгожанне — пярсцёнкападобныя скроневыя колцы дыяметрам 1—3,5 см з бронзавага ці, радзей, сярэбранага дрота (з прымкнутымі і захаджалымі канцамі). Астатнія ўпрыгожанні, прылады працы і зброя ў курганах валынян сустракаюцца адносна рэдка.

Паўночная мяжа расседения валынян прасочваецца дрэнна. Да волынянскіх курганоў адносяць могільнік Радасць у Камянецкім р-не. Волынянские рысы мае кераміка 10-пачатку 11 ст. з археалагічных помнікаў верхняй Прыпяці і Верхняга Панямоння, што сведчыць пра значнае прасоўванне валынян на поўнач, дзе яны змешваліся з мясцовым балцкім насельніцтвам.

Літаратура:

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М.: Наука, 1982. С. 94—101;

Малевская-Малевич М.В. Керамика западнорусских городов Х—XIII вв. СПб., 2005. (РАН. Институт истории материальной культуры. Труды. Т. XVII). 159 с.

© Валерый Пазднякоў, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.