Артыкулы: зямянскі суд
зямянскі суд, павятовы шляхецкі суд у Рэчы Паспалітай у 1792—95.
Створаны Чатырохгадовым соймам 1788—92 у якасці павятовага суда 1-й інстанцыі па грамадзянскіх і крымінальных справах замест земскіх судоў і гродскіх судоў. 10 суддзяў, актавага пісара, 2 возных выбірала шляхта на сойміках на 4 гады; адваката, судовага пісара і рэгентаў выбіралі на 7 гадоў самі суддзі. Сесіі З.с. павінны былі адбывацца 3 разы на год, кворум — 5 суддзяў. Справаводства вялося ў выглядзе 4 рэестраў. У ВКЛ судаводства вялося на падставе Статута ВКЛ 1588, апеляцыйнай інстанцыяй для З.с. быў Трыбунал ВКЛ. На першыя 4 гады была дазволена праца ў складзе З.с. ранейшых земскіх і гродскіх суддзяў, астатніх давыбіралі соймікі. Гарадзенскі сойм 1793 замест выбараў увёў прызначэнне суддзяў Пастаяннай Радай. З.с. скасаваны пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
Літаратура:
Volumina Legum. T. 9. Kraków, 1889;
Smoleński W. Ostatni rok sejmu wielkiego. Kraków, 1986;
Wąsicki J. Konfederacja Targowicka i ostatni sejm Rzeczypospolitej z 1793 roku. Poznań, 1952.
© Яўген Анішчанка, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


