Артыкулы: сойм 1773—1775

сойм 1773—1775 (Трохгадовы сойм 1773—1775).

Адбыўся ў Варшаве 19.4.1773—11.4.1775, узаконіў першы падзел Рэчы Паспалітай (1772) і вызначыў лад дзяржавы на яе ацалелай частцы. Скліканы радай Сената 8.2.1773, на сойміках шляхты 22—28.3.1773 абраны 144 паслы (ад ВКЛ у С. ўдзельнічалі 8 сенатараў і 25 паслоў). Кіравалі С. маршалкі: кухмістр каронны А.Панінскі і мечнік ВКЛ М.Г.Радзівіл. Асудзіў Барскую канфедэрацыю і стварыў соймавы суд для пакарання яе ўдзельнікаў. На першых сесіях С. некалькі паслоў на чале з Т.Рэйтанам ад Новагародскага ваяв. і С.Багушэвічам ад Менскага ваяв. стварылі актыўную апазіцыю, сцвярджаючы незаконнасць падзелу Рэчы Паспалітай. Аднак С. абвясціў сябе канфедэрацыяй і большасцю галасоў 14.5.1773 выбраў дэлегацыю (7 міністраў, 27 сенатараў, 61 пасол на чале з біскупам куяўскім А.Астроўскім), якая 21 жн. падпісала дагавор з Аўстрыяй, 1 вер. — з Расіяй, 18 вер. — з Прусіяй, паводле якіх Рэч Паспалітая «добраахвотна» ўступіла анексіраваныя землі і навечна адраклася ад усіх прэтэнзій на іх. 28.9.1773 С. аднагалосна ўхваліў падзел краіны і быў адтэрмінаваны да 22.1.1774 для распрацоўкі новага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай пад чужаземнай апекай. С. вызначыў умовы знаходжання войск Расіі ў Рэчы Паспалітай, 15.3.1775 зацвердзіў новую мяжу з Рас. імперыяй, стварыў сумесную камісію для разгляду справы перададзеных уніятам і католікам правасл. святынь. 14.10.1773 створана Адукацыйная камісія. С. устанавіў штат войска ў 30 тыс. чал., замяніў панцырныя і гусарскія харугвы брыгадамі нац. кавалерыі. Разглядаў пытанне пра скасаванне прыгоннага права і перавод сялян з паншчыны на грашовы чынш, 25.9.1775 перавёў духавенства на дзярж. ўтрыманне, адмяніў унутраныя пошліны, увёў аднолькавае мыта, пошліну на гандаль тытунём, новае вэксальнае права, пачаў праверку правоў трымальнікаў каралеўшчын (старастаў) з іх люстрацыяй, 10.4.1775 увёў «Уставу падатку ВКЛ», якая прадугледжвала люстрацыю двароў, іх насельнікаў, корчмаў і шынкоў. 28.3.1775 С. стварыў Пастаянную Раду, 29.2.1775 мадыфікаваў 4 пункты Кардынальных правоў, дазволіў 4 дысідэнтам (некатолікам, па аднаму ад правінцыі) удзельнічаць ў працы соймаў. С. канчаткова аформіў сістэму пратэктарату Расіі над унутраным ладам і знешнімі сувязямі Рэчы Паспалітай, што было скасавана Чатырохгадовым соймам 1788—92. Іл. гл. ў т. 1, с. 30.

Літаратура:

Wegner L. Tadeusz Rejtan na sejmie warszawskim z roku 1773. Poznań, 1873;

Konopczyński W. Geneza i ustanowienie Rady Nieustającej. Kraków, 1917;

Michalski J. Sprawa chłopska na sejmie 1773—1775 // Przegląd Historyczny. 1954. № 1;

Яго ж. Rejtan i dylematy polaków w dobie pierwszego rozbioru // Kwartalnik Historyczny. 1986. № 4;

Chojecki R. Patriotyczna opozycja na sejmie 1773 r. // Там жа. 1972. № 3.

Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ (1772—1796 гг.). Мн., 1998.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.