Артыкулы: Сталавіцкая бітва 1771

Сталавіцкая бітва 1771.

Адбылася 23 вер. каля мяст. Сталавічы ў Новагародскім ваяв. (цяпер вёска ў Баранавіцкім р-не) паміж войскамі ВКЛ і Расіі ў час барацьбы Барскай канфедэрацыі супраць ваеннай прысутнасці Расіі. Абвяшчэнне кіраўніцтвам канфедэрацыі бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай справакавала кіраўнікоў мясц. канфедэрацыі на рабаванне каралеўскіх уладанняў і маёнткаў сваіх паліт. сапернікаў. Вял. гетман ВКЛ Міхаіл Казімір Агінскі адышоў ад палітыкі нейтралітэту, стаў на бок Барскай канфедэрацыі і ў маі 1771 сабраў пад сваё камандаванне 2 тыс. чал. войска ВКЛ. 26.8(6.9).1771 каля в. Рудзькі Пінскай эканоміі разбіў батальён з 500 салдат палкоўніка А.Албічава. 30.8(10.9).1771 у мяст. Хомск заклікаў разрозненыя сілы канфедэратаў злучыцца для абароны «веры, вольнасці і незалежнасці». Рас. камандаванне праявіла нерашучасць, і тады ліквідаваць небяспечны ачаг супраціўлення на ўласную рызыку ўзяўся генерал-маёр А.В.Сувораў. 1(12).9.1771 ён выступіў з-пад Любліна на чале 1 тыс. чал. з 8 гарматамі, а 10(21).9.1771 стаў у Слоніме. Каля 2 гадзін ночы 12(23).9.1771 атрад Суворава з 900 чал. падышоў з боку в. Сачыўка да паўд. ускраіны Сталавіч, дзе начаваў Агінскі. Сувораў з ходу разгарнуў свае сілы ў 2 лініі. Пярэдняя лінія пад гарматным агнём з мястэчка прайшла ў Сталавічы вузкай грэбляй праз балота. За ёю ўварвалася кавалерыя на чале з маёрам А.Рылеевым. Пасля гадзіны вулічных баёў нападаўшыя знішчылі каля 300 жаўнераў, захапілі 10 гармат, сцягі, гетманскую булаву і касу з 50 тыс. чырвоных злотых. Рэштка войска Агінскага ў 500 чал. выйшла на З ад Сталавіч пад ахову гал. абозу. Каля 4 гадзін раніцы Сувораў атакаваў абоз спачатку гарматным агнём, а потым кінуў на яго ўвесь свой фронт. Кавалерыя змяла правае крыло войска Агінскага і пагнала яго жаўнераў на мяст. Моўчадзь. У гэты час на дапамогу Агінскаму падаспелі 2 уланскія палкі татараў (каля 1 тыс. коннікаў) пад камандаваннем Ю.Беляка, якія акружылі 3 рас. эскадроны. У ходзе 8-гадзіннага бою Сувораў страціў 78 салдат, а Агінскі — 500 чал. забітымі і каля 300 палоннымі. Пасля паражэння ў бітве Агінскі выехаў за мяжу, а Сувораў накіраваўся ў Пінск з мэтай раззброіць штаб і світу гетмана. За самавольны паход Суворава ледзь не аддалі пад суд, але Кацярына ІІ узнагародзіла яго ордэнам св. Аляксандра Неўскага. С.б. стала апошнім арганізаваным супраціўленнем войска ВКЛ напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Літаратура:

Гейсман П.А. «Конец Польши» и Суворов. СПб., 1900;

Konopczyński W. Konfederacja barska. T. 2. 2 wyd. Warszawa, 1991.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.