Артыкулы: Стража правоў

Стража правоў(Варта законаў, польск. Straż Praw) — вышэйшы орган выканаўчай улады Рэчы Паспалітай.

Створана 23.12.1789 Чатырохгадовым соймам 1788—92 як рэгенцкая рада пры каралю ўзамен скасаванай Пастаяннай Рады. Пасля прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 аформлена як Стража нарадовых правоў (Варта нац. законаў) для нагляду за выкананнем усімі органамі ўлады соймавых пастаноў і законаў. У склад С.п. уваходзілі 11 чал.: кароль (старшыня), прымас, 5 міністраў, з правам дарадчага голасу — маршалак сойма, спадчыннік трона, 2 сакратары. Міністраў прызначаў кароль на 2 гады: аднаго з маршалкаў як міністра паліцыі, аднаго з канцлераў як міністра пячаткі (унутр. спраў), другога канцлера як міністра замежных спраў, аднаго з падскарбіяў як міністра скарбу, аднаго з гетманаў як ваеннага міністра. Міністры былі адказнымі перад соймам і маглі быць ім зняты большасцю галасоў пры тайным галасаванні. С.п. дзейнічала праз Адукацыйную камісію, Камісію паліцыі абодвух народаў, Вайсковую камісію абодвух народаў, Скарбовую камісію абодвух народаў і камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя ў ваяводствах і паветах. У надзвычайных абставінах (у выпадку вайны, рэвалюцыі, голаду, урадавага крызісу, смерці або небяспечнай хваробы караля) С.п. магла склікаць сойм. Рашэнні прымала калегіяльна большасцю галасоў за пячаткай караля без права тлумачэння законаў, увядзення або скасавання падаткаў, аб’яўлення вайны і заключэння міжнар. пактаў. Спыніла дзейнасць у сувязі з самароспускам сойма 29—30.5.1792.

Літаратура:

Historya reform politycznych w dawniej Polsce. Poznan, 1869;

Volumina Legum. T. 9. Kraków, 1889;

Smoleński W. Ostatni rok sejmu wielkiego. Kraków, 1896;

Wojakowski J. Straż Praw. Warszawa, 1982.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.