Артыкулы: Смаленскае княства
Смаленскае княства, феадальная дзяржава ў 12—15 ст.
Цэнтр — г. Смаленск. Займала тэрыторыю сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абласцей Расіі, усх. раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей Беларусі. Паліт. адасабленне Смаленска пачалося ў 11 ст., але да пач. 12 ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. Самастойным С.к. стала пры Расціславе Мсціславічу [1125—59], пры якім дасягнула найб. памераў. У 1136 у С.к. арганізавана самастойная Смаленская праваслаўная епархія. На тэр. сучаснай Беларусі былі смаленскія воласці Басея, Мірацічы (па р. Мярэя), Вітрына, Копысь, Лучын, Прупой (Прапойск, цяпер Слаўгарад), Крэчут (Крычаў). У 2-й пал. 12—13 ст. пад кантролем Смаленска даволі часта знаходзіўся Віцебск. Пасля смерці кн. Мсціслава Давыдавіча (1230) пачаўся заняпад С.к., абумоўлены ўсобіцамі паміж 2 лініямі смаленскіх князёў — Раманавічамі і Давыдавічамі. У 2-й пал. 13 ст. са складу С.к. вылучаліся Вяземскі і Мажайскі ўдзелы. У пач. 14 ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам, але ў сферу яго ўплыву трапіў Бранск. У пач. 14 ст. ад С.к. адышлі да ВКЛ землі Падняпроўя, басейн Проні, Верхняе Праволжа. Пры кн. Іване Александравічу [1313—58] Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Кн. Святаслаў Іванавіч [1358—86] імкнуўся да захавання незалежнасці С.к., але ў выніку паходаў ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на Пд і Пн, у т.л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у Мсціслаўскай бітве 1386. Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч [1386—92] і Глеб Святаславіч [1392—96] знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вял. князь літоўскі Вітаўт у 1396 захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў; Глеб Святаславіч быў адпраўлены ў ВКЛ, а Юрый Святаславіч уцёк у Разань да свайго цесця Алега Іванавіча і з яго дапамогай у 1401 вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў вярнуць горад у 1401, 1402 і 1403; у 1403 ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць Алега Іванавіча ў 1404, Вітаўт вярнуў Смаленск: «винных всех... позабивал до троих тысячей, и, абы в Смоленску не было болшей уже бунтов, а княжество обернул в воеводство». Такім чынам, С.к. было скасавана і на яго аснове створана Смаленская зямля.
Літаратура:
Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV столетия. Киев, 1895;
Алексеев Л.В. Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Восточной Белоруссии. М., 1980;
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский, 1993. № 7—8.
© Андрэй Мяцельскі, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


