Артыкулы: Васіль Лупу

Васіль Лупу (?—1661) — гаспадар Малдовы ў 1634—1553.

Па паходжанні албанец. Рабіў захады па аднаўленні самастойнасці Малдоўскага княства ад Асманскай імперыі, развіцці эканомікі і культуры. Падтрымліваў сталыя кантакты з кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілам, з яго дапамогай у 1640 адкрыў у Ясах Славяна-грэка-лацінскую акадэмію, у якой працавалі і выхадцы з Беларусі (Ігнацій Іяўлевіч, С.Собаль і інш.). У 1643 па яго ініцыятыве друкар з Вільні С.Рагаля арганізаваў першую ў Малдове друкарню. У 1645 пры пасрэдніцтве Магілы і трансільванскага кн. Дзьёрдзя І Ракацы быў заключаны шлюб Я.Радзівіла, галавы кальвіністаў Рэчы Паспалітай і «сепаратысцкай» партыі ў ВКЛ, з Марыяй, дачкой В. Мітрапаліт Пётр Магіла асабіста здзейсніў правасл. абрад вянчання, гэтай падзеі было прысвечана некалькі друкаваных твораў, паколькі меркавалася, што шлюб паспрыяе ўмацаванню саюзу паміж праваслаўнымі, кальвіністамі і інш. дысідэнтамі Рэчы Паспалітай. Радзівіл разлічваў выкарыстаць саюз з Малдовай і Трансільваніяй для правядзення незалежнай знешняй палітыкі ў інтарэсах ВКЛ, у 1645—46 ён двойчы асабіста наведаў В. ў Малдове. У поўнай меры планы Радзівіла не былі рэалізаваныя, але саюз з В. адыграў пэўную ролю ў стрыманні гегеманісцкіх памкненняў Б.Хмяльніцкага ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. В. быў скінуты з трона Георгіем Стафанам, стаўленікам туркаў. Памёр у зняволенні ў Стамбуле.

Літаратура:

Kotłubaj E. Życie Janusza Radziwiłła. Wilno, 1859;

Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;

Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Россией и Украиной // Книга в Белоруссии: книговедение, источники, библиография. Мн., 1983. Вып. 2;

Очерки внешнеполитической истории Молдавского княжества. Кишинев, 1987. С. 202—205.

© Алесь Белы, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.