Артыкулы: Салiнскi дагавор 1398
Салiнскi дагавор 1398 (Залiнвердэнскi дагавор) — дагавор памiж ВКЛ i Нямецкiм ордэнам.
Тэкст дагавора ўзгоднены 23.4.1398 у Гароднi, абмен дагаворнымi граматамi памiж вял. кн. літоўскім Вiтаўтам i вял. магiстрам ордэна Конрадам фон Юнгiнгенам адбыўся 12.10.1398 на в-ве Салiн на Нёмане, каля вусця р. Нявежыс. Паводле С.д. прадугледжвалася дапамога ВКЛ ордэну для заваявання Пскова i ордэнская падтрымка ВКЛ для авалодання Вял. Ноўгарадам i паходу супраць Залатой Арды. Вiтаўт абяцаў саступiць ордэну Жамойць да Нявежыса i палову Судавы (Дайнавы), у сваю чаргу ордэн абавязваўся не падтрымлiваць прэтэнзiй кн. Свiдрыгайлы на трон ВКЛ. Неафiцыйна Вiтаўт заручыўся згодай ордэна на ажыццяўленне сваiх планаў дабiвацца поўнай незалежнасцi ад Польшчы; на святкаваннi ў гонар падпiсання С.д. Вiтаўт быў аднадушна абвешчаны феадаламi ВКЛ «каралём Лiтвы i Русi». Гэта выклiкала насцярожанае стаўленне да дагавора польскага караля Ягайлы, а планы захопу Ноўгарада i Пскова прывялi да пагаршэння адносiн ВКЛ з гэтымi рэспублiкамi, а таксама Маскоўскiм i Цвярскiм вял. княствамi. Рэальнай падтрымкi ў рэалiзацыi сваiх памкненняў Вiтаўт не атрымаў, што, у прыватнасцi, прывяло да паражэння войск ВКЛ у бiтве на Ворскле 1399. Умовы С.д. былi ўдакладнены Рацёнжскiм дагаворам 1404, да якога далучылася i Польшча.
Лiтаратура:
Liv.-, Est- und Curlandisches Urkundenbuch nebst Regesten. Abt. 1. Bd. 4. Dorpat, 1859;
Сагановiч Г. Ад Крэва да «Вялiкае вайны» // Спадчына. 2000. № 1.
© Алесь Белы, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне