Артыкулы: Віленская бітва 1734
Віленская бітва 1734.
Адбылася 30 студз. ў час вайны за польскую спадчыну 1733—38. Аб’яднанае войска прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага вырашыла бараніць Вільню ад войск рас. ген.-маёра Льва Ізмайлава і Мікалая Фаўстына Радзівіла. Расіяне бачылі мэтай бітвы поўнае і хуткае знішчэнне сіл прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага. Корпус Ізмайлава складаўся з 6 тыс. салдат, яго падтрымлівала 3-тысячнае войска ВКЛ і прыйшоўшы з ім 2-тысячны дапаможны рас. атрад пад камандаваннем падпалкоўніка Лівена. Войскі прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага пад камандаваннем рэферэндара ВКЛ Дамініка Валовіча, польнага стражніка ВКЛ Марціна Пашкоўскага, Крычэўскага, Ігната Ланеўскага-Ваўка, Шырвінскага, Юзафа Бжастоўскага, Панцынскага і Важынскага (9—10 тыс. чал.) размясціліся на гары каля касцёла св. Стафана. У выніку рас. войскі не змаглі разгарнуцца для бітвы і былі вымушаны рушыць вузкай дарогай каля самой гары. Дачакаўшыся ар’егарда, рушылі ў наступленне грэнадзёры Сібірскага палка, за імі — Ладажскі батальён і Сібірскі полк. Прыхільнікі Станіслава Ляшчынскага пачалі страляць, але рабілі мала шкоды праціўнку. З іншага боку атакавалі рас. кірасіры, іх эскадрону нават удалося ўзабрацца на гару. За ім тое ж удалося зрабіць 2 ротам драгунскага Нарвенскага палка. Прыхільнікі Ляшчынскага пад камандаваннем Пашкоўскага атакавалі казакоў, драгун і роту Каргапольскага палка, якія не здолелі ўтрымацца на пазіцыях і адступілі за кірасіраў і Нарвенскі полк. Рас. кавалерыі былі нанесены значныя страты. Праследуючы праціўніка, прыхільнікі Ляшчынскага сутыкнуліся з кірасірамі і эскадронам Нарвенскага палка, якія вытрымалі атаку. У вырашальны момант бітвы Пашкоўскі не атрымаў дапамогі ад Валовіча. У выніку яго атрад быў вымушаны адступіць, страціўшы пэўную колькасць параненымі і забітымі. Адступіўшыя войскі Ляшчынскага перагрупіраваліся і зноў былі гатовы да бітвы. Перагрупіроўку сваіх сіл зрабіў і Ізмайлаў. Пры артылерыйскай падтрымцы рас. войскі рушылі ў атаку. Прыхільнікі Станіслава Ляшчынскага не прынялі бітву і адступілі. У рас. войск не засталося сіл, каб праследваць іх.
Літаратура:
Бутурлин Д. Военная история походов россиян в XVIII столетии. Ч. 3. СПб., 1823.
Truchim S. Konfederacja Dzikowska, Poznań, 1921.
Sliesoriūnas F. Mūšis prie Vilniaus ir miesto nusiaubimas 1734 metais // Lietuva ir jos kaimynai: nuo Normanų iki Napoleono. Vilnius, 2001.
© Андрэй Мацук, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


