Артыкулы: Сіруць Шыман

Сіруць Шыман (1698—20.4.1774) — дзяржаўны дзеяч. Ковенскі абозны (1725), гродскі падстараста (1730), гродскі стараста (1742), мечнік ВКЛ (1750), кашталян віцебскі (1752).

Сын Юзафа Казіміра Сіруця і Барбары з Забелаў. У канцы 1720-х г. быў у шэрагах антыкаралеўскай апазіцыі. Удзельнічаў у зрыве сойма 1729. Пад час бескаралеўя падтрымаў кандыдата на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. Абраны палкоўнікам Ковенскага павета. Пасля ўцёкаў Станіслава Ляшчынскага з Гданьска С. выехаў услед за ім у Каралявец, дзе займаў пасаду каралеўскага сакратара. Пасля адмовы Станіслава Ляшчынскага ад кароны выехаў з ім у Латарынгію, дзе займаў пасаду радцы двара. Дзякуючы С. значная колькасць маладых шляхціцаў з ВКЛ вучылася ў Рыцарскай акадэміі ў Люневілі. Канфлікт з французскай адміністрацыі з-за планаў рэформы кіравання Латарынгіяй прымусіў С. ў канцы 1738 вярнуцца ў Рэч Паспалітую. У 1740 прэтэндаваў на ўрад ковенскага маршалка, адмовіўся ад яго на карысць Антонія Забелы пасля заключэння дагавора, што па чарзе з ім будзе кіраваць ковенскімі соймікамі. У 1742 абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ і стаў пісарам віленскай кадэнцыі. Быў настолькі ўплывовым, што планаваў адхіліць ад урада трыбунальскага маршалка. Разам з мазырскім гродскім старастам Гервазіем Людвікам Аскеркам дапамог Сапегам атрымаць большасць на рускай кадэнцыі Трыбунала ВКЛ у 1742. У чэрв. 1742 падканцлер ВКЛ Міхал Чартарыйскі з кніг меншай канцылярыі выдаў прывілей С. на Ковенскае гродскае стараства. С. прыняў урад, хаця ведаў, што адначасова з кніг вял. канцылярыі выдадзены прывілей на Ковенскае гродскае стараства Людвіку Пацею. С. апярэдзіў Пацея, 8.6.1742 склаў прысягу на ўрад і ў ліп. 1742 арганізаваў уезд на стараства. Нягледзячы на намаганні падтрымаўшых Пацея Радзівілаў С. утрымаўся на ўрадзе старасты пры падтрымцы Сапегаў і Чартарыйскіх. Быў паслом на соймы 1742, 1744, 1746, 1748, 1750, дзе праявіў сябе прыхільнікам праграмы дзярж. рэформ Чартарыйскіх. Абраны дэпутатам і маршалкам Трыбунала ВКЛ у 1752. Далей быў прыхільнікам Чартарыйскіх. Дзякуючы С. ў 1756 у Коўне адзін з лідэраў «Фаміліі» Ежы Флемінг быў абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ разам з радзівілаўскім прыхільнікам, пісарам ВКЛ Антоніем Пацам. У канцы вер. 1756 удзельнічаў у з’ездзе лідэраў «Фаміліі» ў Слоніме, дзе абмяркоўвалася магчымасць стварэння антыкаралеўскай канфедэрацыі. Пры падтрымцы Чартарыйскіх 10.3.1757 атрымаў рас. ордэн св. Аляксандра Неўскага. Пасля разрыву з Чартарыйскімі ў 1758 Міхала Антонія Сапегі пачалося ахалоджванне адносін С. з «Фаміліяй». У выніку ў 1761 С. перайшоў на бок Радзівілаў і дапамог стаць дэпутатам Трыбунала ВКЛ на Ковенскім сойміку радзівілаўскаму кандыдату на трыбунальскае маршалкоўства Ігнацію Пацу. Пры падтрымцы Радзівілаў 3.8.1761 С. атрымаў ордэн Белага Арла. Пад час бескаралеўя ў 1764 перайшоў на бок Чартарыйскіх, але не дамогся поўнага прабачэння. У1767 вярнуўся ў кола прыхільнікаў віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла, але той запатрабаваў разліку за трыманне ў заставе Кейданскага графства. З гэтага часу С. фактычна адыйшоў ад паліт. спраў.

Літаратура:

Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Czeppe M. Kamaryla Pana z Dukli: Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha 1750—1763. Warszawa, 1998.

Мацук А. Пінскі соймік у трыбунальскай кампаніі 1750 г. // Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Гісторыя і сучаснасць Пінска (да 910-годдзя першай летапіснай узгадкі горада)». Мінск; Пінск, 2007.

Яго ж. Роль М.Чорторийського під час розподілу повітових урядів у ВКЛ в 40-х рр. XVIII ст. // Український історичний збірник. Київ, 2007. Вип. 10.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.