Артыкулы: возны

возны, судовы выканаўца ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. У ВКЛ пасада з’явілася на польскі ўзор у 1-й пал. 16 ст. на Падляшшы, пашырана на ўсю тэрыторыю дзяржавы ў ходзе правядзення адм.-тэр. і судовай рэформы 1565—66 і ўзаконена Статутам Вялікага Княства Літоўскага 1566. В. пераняў функцыі, якія раней выконвалі дзецкія і віжы. В. выбіраліся шляхтай пэўнага павета са свайго асяроддзя і зацвярджаліся ваяводам; іх колькасць не была абмежавана законам. Іх імёны заносіліся ў кнігі земскага і гродскага суда. Паводле Статута ВКЛ, акрамя звычайных павятовых В., у кожным павеце і ваяводстве выбіраўся генеральны В. (енерал, генерал), якога зацвярджаў вял. князь (кароль) і які мог выконваць свае функцыі на ўсёй тэрыторыі дзяржавы. У Жамойці было 2 енерала. В. прыносіў прысягу на сумленнае выкананне сваіх абавязкаў. Уручаў судовыя позвы (іскі), выконваў выракі па цывільных справах, уводзіў уласнікаў, трымальнікаў, дзяржаўцаў, пасэсараў і арандатараў у распараджэнне маёнткамі, аглядаў месца злачынства, сведчыў пра нанесеныя шкоды. Рэляцыі аб сваіх дзеяннях у пісьмовым выглядзе паведамляў суду, яны заносіліся ў актавыя кнігі. Пры выкананні функцый у важных справах павінен быў мець панятых — 2 сведакаў-шляхціцаў. В. дастаўлялі таксама ўрадавую дакументацыю – соймавыя і ваенныя лісты. За выкананне функцый атрымліваў плату ад асоб, па справах якіх дзейнічаў (1 грош за мілю праезду або за сведчанне шкодаў, пры ўвядзенні ва ўладанне маёткам — 1 грош ад службы). Статут ВКЛ ахоўваў асобу В. і адначасова прадугледжваў суровае пакаранне В. (да смяротнага пакарання) за несумленнае выкананне ім сваіх абавязкаў.

Літ.: Лаппо И.И. Земский суд в Великом княжестве Литовском в конце XVIвека. СПб., 1897.

© Валерый Пазднякоў, 2017

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.