Артыкулы: Судзівой Валімунтавіч
Судзівой Валімунтавіч (?—пасля 2.4.1459) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Стараста ковенскі ў 1431, 1447—1459, канцлер ВКЛ у 1441—1444, намеснік смаленскі ў 1445—1447, кашталян віленскі ў 1451—1459.
Імя ў дакументах: Судивои, Sandiwogius Wolymunthowicz, Sudziwoy Wolimuntowicz, Sudywogius, Sudywoy, Sudiway, Sudway, Sudewoye.
З панскага роду герба «Задора».
Бацька: Валімунт (?—?), удзельнічаў у заключэнні Салінскага дагавора 1398. Браты: Румбальд; Кезгайла; Яўнут (?—1432), ваявода і стараста троцкі; Шадзібор (?—?), стараста вількамірскі ў 1424—1426; Гудзігерд.
Зыходзячы з таго, што яго сын Станька спачатку быў праваслаўным, Судзівой таксама быў праваслаўным, хоць і паходзіў з літоўскага роду.
У 1431 стараста ковенскі, удзельнічаў у пасольстве в.кн. Свідрыгайлы да вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Паўля фон Русдарфа ў Марыенбург. Разам з братамі ўдзельнічаў у Луцкай вайне 1431, у падпісанні перамір’я з Польшчай 1.9.1431 у Чартарыйску. Удзельнічаў у заключэнні з Лівонскім ордэнам Скірстымонскага дагавора 1432, у польска-ордэнскх перагаворах 1432 г. Пасля на баку в.кн. Жыгімонта Кейстутавіча, удзельнічаў у заключэнні Гарадзенска-Троцкай уніі 1433. Хутка стаў набліжанай асобай новага в.кн. Казіміра, з 1441 яго канцлер. У 1445 удзельнічаў у паходзе войска ВКЛ на маскоўскія землі, у час якога былі нанесены ўдары па Казельску, Вераі, Мажайску, Калузе; з гэтага часу намеснік смаленскі. У 1445—1448 неаднаразова быў паслом у Лівонскі ордэн. Удзельнічаў у справе далучэння Валыні ў склад ВКЛ у 1452.
Маёнтак родавы: Дзяволтва каля Вількаміра. Пасля атрымаў 30 канекормцаў у Анікштах, магчыма, Батокі ў Жамойці і Шацк на Меншчыне.
Сын: Станіслаў Судзівоевіч.
Дачка: N(муж: Ян Вяжэвіч, ваявода троцкі).
Падрабязнасці:
Semkowicz Władysław. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. III. Poznań, 1989. S. 7—139, il.
Pietkiewicz Krzysztof. Kieżgajłowie i ich latyfundium do połowy XVI wieku. Ze studiów nad rozwojem własności ziemskiej w Wielkim Księstwie Litewskim w Średniowieczu. Poznań, 1982. (=Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Seria Historia Nr 99). 164 s., mapy.
Korczak Lidia. Polityka wschodnia Kazimierza Jagiellończyka w latach 1440—1449 // Analecta Cracoviensia. 1987. ХІХ. S. 277—294 (283—284).
Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст. Склад—структура—улада. Смаленск: Інбелкульт, 2014. 385 с.
Полехов Сергей. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века. М.: Индрик, 2015. 711 с., ил.
Korczak Lidia. Sudywoj (Sędziwój) Wolimuntowicz z Dziawołtowa h. Zadora // PSB. T. XLV/3. Warszawa; Kraków, 2008. S. 354—356.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


