Артыкулы: Судзімонт
Судзімонт (?—1394) — князь у ВКЛ.
Быў сваяком в.кн. Вітаўта (магчыма, братам яго жонкі Ганны; гісторык Я.Тэнгоўскі мяркуе, што Судзімонт мог быць першым мужам яе сястры Ульяны, княжны смаленскай).
Быў на баку Вітаўта ў час яго барацьбы з Ягайлам у 1382—1384. Адзначыўся як сведка на акце Вітаўта 30.1.1384, якім той прызнаў сябе леннікам Тэўтонскага ордэна і перадаў крыжакам Жамойць і Коўна. Увесну 1384 удзельнічаў у паходзе Вітаўта на ВКЛ, быў у складзе атрада комтура Рагнеты. У ліпені 1384 суправаджаў Вітаўта, калі ён перайшоў на бок в.кн. Ягайлы. У канцы 1389 прыхільнік Ягайлы, паведаміў кн. Карыбуту Альгердавічу, які ахоўваў Вільню, пра планы Вітаўта захапіць горад, што дазволіла прадухіліць захоп. У час нападу крыжакоў з Вітаўтам на ВКЛ у 1394 удзельнічаў у абароне княства. У жніўні 1394 захоплены крыжакамі калі Папарцяў, быў імі павешаны за ногі як здрадзец.
Валодаў Вяйшышкамі (легенда на яго пячатцы: SUDEMONT DE WESISKEN), лакалізацыя якіх няпэўная.
Падрабязнасці:
Gumowski M. Pieczęcie książąt litewskich // Ateneum Wileńskie. 1930. Rocznik VII. Zeszyt 3—4. S. 684—725. (S. 714).
Tęgowski Jan. Małżeństwa księcia Witolda Kiejstutowicza // Rocznik Polskiego Towarzystwa Heraldycznego. Nowej serii tom IІ (XІІІ). Warszawa: DiG, 1995. S. 177—182.
Ліцкевіч Алег. Дагаворы паміж князямі ВКЛ, нобілямі Жамойці і прадстаўнікамі Тэўтонскага ордэну ў Прусіі і Лівоніі (1367—1398 гг.) // Arche = Пачатак. 2010. № 10. С. 39—128.
Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст. Склад—структура—улада. Смаленск: Інбелкульт, 2014. 385 с.
Korczak Lidia. Sudymunt (Sudemunt) // PSB. T. XLV/3. Warszawa; Kraków, 2008. S. 353.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


