Артыкулы: Сулістроўскі Алойзы
Сулістроўскі Алойзы (каля 1739—восень 1795) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Падстолі ВКЛ у 1786—1787, пісар ВКЛ у 1787—1791.
З шляхецкага роду герба «Любіч».
Бацька: Караль (?—1749), войскі ашмянскі, стараста бутвілаўскі. Маці: Разалія з Пацаў (?—пасля 1785, бацька: Крыштаф Канстанцін Пац, маці: Разалія з Агінскіх). Шлюб 27.7.1738 у Гануце.
Удзельнічаў у 1764 у выбарах караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Служыў у войску, паручнік пяцігорскі (1766—1778), ротмістр пяцігорскі (1779—1787). Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, удзельнічаў у Сталавіцкай бітве 1771. Належаў да прыхільнікаў Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Пасол на соймы 1776, 1778, 1780, 1786, Вялікі сойм 1788—1792. Належаў да «Таварыства прыхільнікаў урадавай канстытуцыі». Удзельнічаў у паўстанні 1794, увайшоў у склад Найвышэйшай літоўскай рады, Нацвышэйшай нацыянальнай рады (узначаліў Аддзел парадку). Пасля задушэння паўстання ў эміграцыі, жыў у Венецыі і Фларэнцыі (дзе і памёр), яго маёнткі былі секвестраваны расійскімі ўладамі.
Кавалер ордэнаў св. Станіслава (1788) і Белага Арла (1790).
Меў маёнткі ў Ашмянскім павеце (Шэметаўшчына, Нарыца, Гулідаў, Вярэцья, Цешылаў, Юхнаў, Алешын, Дашкі, Азюнічы, Чурлёна, Спягла і інш.), Мазырскім павеце (Скрыгалаўская Слабада, Міхалаўская Слабада, Жахавічы), Полацкім ваяводстве (Глыбокае, Ластавіца). Стараста блудзенскі ў 1779—1793.
Жонка (шлюб у 1773): Антаніна з Аскеркаў (?—каля 1830), дачка Казіміра Мацея Аскеркі, маршалка і кашталяна (1793) мазырскага, і Караліны з Стэцкіх.
Сын: Казімір.
Падрабязнасці:
Jankowski Czesław. Powiat oszmiański. Materjały do dziejów ziemi i ludzi. Część druga. Petersburg; Kraków, 1897. VI, 286 s., il., mapa.
Mościcki Henryk. Generał Jasiński i powstanie kościuszkowskie.Warszawa: Gebethner i Wolff,1917. 435 s., il. (партрэт).
Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wydanie drugie przejrzane i uzupełnione. Tom 4. Województwo wileńskie. Wrocław; Warszawa; Kraków: Ossolineum, 1993. 551 s., il., mapy.
Восстание и война 1794 г. в Литовской провинции (по документам российских архивов) / Составление, редакция и предисловие Е.К.Анищенко. М.: ЧеРо, 2000. 175 с.
Восстание и война 1794 г. в Литовской провинции. (По документам архивов Москвы и Минска) / Составление, редакция и предисловие Е.К.Анищенко. Мн.: Молодежное научное общество, 2001. 209 с.
Анішчанка Я.К. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Мн.: Хурсік, 2003. 469 с.
Machynia Mariusz. Sulistrowski Alojzy // PSB. T. XLV/4. Warszawa; Kraków, 2008. S. 476—480.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


