Артыкулы: Струбіч Мацей

Струбіч Мацей (?, г. Ныса, Сілезія—пасля 28.2.1605) — картограф, гісторык.

З шляхецкага роду. Бацька: Ганс Струбіч (?—1568), бурмістр Нысы ў 1543. Маці: Ганна (?—1534) або Магдалена.

Каля 1550 вучыўся ў біскупскай гімназіі ў г. Ныса, пасля, магчыма, — у Венскім універсітэце. Прыбыўшы ў Польшчу, служыў магнатам, з 1559 сакратар у каралеўскай канцылярыі ў Кракаве. Па даручэнні караля Жыгімонта ІІ Аўгуста пераклаў на польскую мову трактат прускага герцага Альбрэхта пра ваенную справу (выдадзены ў 2006). У 1563 атрымаў індыгенат і герб «Тапор». У 1560-х г. у Інфлянтах, выконваў планы і малюнкі замкаў. Магчыма, удзельнічаў у пабудове Тыкоцінскага замка. У 1578—1579 для караля Стафана Баторыя выканаў падрабязную карту ВКЛ, суседніх дзяржаў і маскоўскага памежжа, дзе ў той час ішла Інфлянцкая вайна 1558—1582. У 1589 карта С. «Апісанне Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Масковіі» выдадзена ў кнізе Марціна Кромера «Палонія, або Аб паходжаннi i гiсторыi палякаў». Пасля 1582 выканаў новую карту тэатра ваенных дзеянняў, якая была змешчана ў атласе Герарда Меркатара (1595). Пасля смерці Стафана Баторыя (1586) перайшоў на службу да Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, дзе працаваў над вялікай картай ВКЛ (выдадзена каля 1603, пасля ў 1613 і інш.). Аўтар гістарычна-геаграфічнага апісання Інфлянтаў «BrevisatqueaccurataLivoniaeDucatusdescriptiohistorica-geographica» (1577, выдадзена ў Амстэрдаме ў 1727).

Маёнткі: 20 валок каля Тыкоціна (каля 1562), воласць Абель у Інфлянтах (1567), Бжэзіны на Падляшшы (Гелчын, Бжэзіны Струбічаў).

Жонка: N, удава Гіоба Прайтфуса, каралеўскага архітэктара і старасты тыкоцінскага.

Сыны: Ян (каля 1572—1651), з 1592 езуіт; Андрэй; Мацей Самуэль (?—пасля 1637), стараста нясвіжскі.

Падрабязнасці:

Alexandrowicz Stanisław. Kartografia Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku. Wydanie 3 poprawione i uzupełnione. Warszawa, 2012. 344 s., il.

Кэмпа Томаш. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549—1616), віленскі ваявода. Мір: Музей “Замкавы комплекс «Мір»”, 2016. 503 с., іл.

Kempa Tomasz. Strubicz (Straubicz, Strobicz, Strobitz) Maciej Mathias) // PSB. 2007. Zeszyt 182. T. 44/3. S. 425—428.

© Валерый Пазднякоў, 2019

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.