Артыкулы: Страшэвіч Міхал
Страшэвіч Міхал (29.9.1750—1.11.1818) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ, маршалак упіцкі ў 1777—1793, 1794—1802, кашталян упіцкі ў 1793—1794.
З шляхецкага роду герба «Аравонж». Бацька: Томаш (?—1753). Маці: Ефрасіння з Клопманаў (?—1758 або 1759). Брат: Юзаф Лонгін (1753—1817), падкаморы ўпіцкі ў 1783—1795. Сястра: Элеанора (муж з 1763: Антоні Касакоўскі).
У палітычным жыці з 1775 як кліент Антонія Тызенгаўза, прыхільнік каралеўскай партыі. Кіраваў палітычным жыццём ва Упіцкім павеце. У 1778—1779 у складзе камісій па справах Шавельскай, Гарадзенскай і Аліцкай эканомій. У 1789 узначаліў камісію, якая займалася даходамі з Упіцкага павета ўсувязі з павелічэннем войска. У пачатку 1792 разам з Упіцкім паветам падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля ў 1792 далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. У пачатку 1793 стаў першым кашталянам упіцкім. З 1794 член Вайсковай камісіі ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794. З пачаткам паўстання ўвайшоў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Фінансаваў дзейнасць паўстанцаў. Пасля паражэння паўстання быў выбраны ў склад дэлегацыі Упіцкага павета да Кацярыны ІІ. У 1797 зноў абраны маршалкам упіцкім (да 1802).
Пасол на соймы 1776, 1778, 1780, 1784, 1786.
З 1779 член масонскай ложы «Добры пастыр», з 1780 — «Гарлівы літвін».
Ордэны св. Станіслава (1779), св. Ганны 2-й ступені (1797).
Меў маёнткі: Рогаў, Галанеты, Юстынікі (Вількамірскі павет), Паёсце, Куцішкі, Барклойне, Шылінгішкі, Пукняны, Памушэ, Бялкаўшчызна, Лінкаў, Клімучкі, Тытаны (Упіцкі павет).
Пахаваны ў касцёле ў Рогаве.
Жонка 1-я (з 28.2.1781): Марыя з Аскеркаў (бацька: Рафал Алойзі Аскерка, маршалак мазырскі; 1-ы муж: Міхал Адам Ракіцкі, кашталян менскі), мела маёнтак Брагін (Рэчыцкі павет). Мелі дачку Аляксандру (муж з 1801: Міхал Касакоўскі).
Жонка 2-я (з 1790-х): Казіміра з Кошчыцаў (?—пасля 1823). Мелі сына Юзафа (1.1.1801—5.5.1838) і дачок Тэклю і Тэрэзу (муж: Ян Шукшта).
Падрабязнасці:
Восстание и война 1794 года в литовской провинции (по документам российских архивов) / Составление, редакция и предисловие Е.К.Анищенко. М.: ЧеРо, 2000. 175 с., ил.
Стогн. Паўстанне і вайна 1794 года ў Літоўскай правінцыі. Дакументы / Пад рэдакцыяй старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Яўгена Анішчанкі. Мінск: Пейто, 2002. 207 с.
Анішчанка Яўген. Збор твораў у шасці тамах. Том 2. Імем Айчыны. Дакументы паўстання 1794 г. у Літоўскай правінцыі. Укладанне, рэдакцыя, прадмова. Мінск: Выдавец Віктар Хурсік, 2004. 233 с.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.
Podgórzak Monika. Straszewicz Michał // Polski Słownik Biograficzny. Warszawa; Kraków, 2007. Zeszyt 181 (T.44/2). S. 230—233.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


