Артыкулы: Стравінскі Бальцар (Бальтазар)
Стравінскі Бальцар (Бальтазар) (?—да 23.3.1633) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ; кашталян берасцейскі і смаленскі, ваявода менскі.
З шляхецкага роду герба «Суліма», уладальніка маёнтка Стравенікі. Бацька: Ян Матыясавіч, паборца троцкі ў 1567—1568, суддзя гродскі троцкі ў 1583—1585. Браты: Эразм (?—да 31.7.1631); Яраш Максімілян (?—1620), ротмістр каралеўскі, стараста рагачоўскі з 1615; Крыштаф (?—1624), троцкі земскі падсудак у 1617—1623, суддзя ў 1623—1624.
У маладосці служыў пры дварах Стафана Баторыя і Жыгімонта ІІІ. У 1594 атрымаў першыя ўрады: цівун (1594—1633) і гараднічы (1594—1631) троцкі.
У час Зэбжыдоўскага рокашу 1606—1609 на баку караля Жыгімонта ІІІ. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618 выставіў у каралеўскае войска ў 1609—1611 почат жаўнераў, у 1617 удзельнічаў у паходзе каралевіча Уладзіслава на Маскву. Быў адным з камісараў Рэчы Паспалітай пры заключэнні Дэулiнскага перамiр’я 1618. У 1691—1620 удзельнічаў ва ўпарадкаванні Смаленшчыны ў складзе Рэчы Паспалітай.
Кашталян берасцейскі ў 1624—1627, кашталян смаленскі ў 1627—1631, ваявода менскі з 1631.
Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1597, 1602, 1604, 1611, 1626 (яго маршалак),
Пасол на соймы 1598, 1600, 1607, 1615, 1620.
Заснаваў 30.1.1617 касцёл у Мазыры (што пацвержана 20.7.1617 Жыгімонтам ІІІ), павялічыў фундуш 6.2.1629.
Стараста рагачоўскі да 1615 і з 1620[1], мазырскі ў 1615—1633, быстрыцкі ў 1612—1618.
Маёнткі: Жыдзішкі, Конюхі (9 валок) у Троцкім ваяв. (атрымаў 13.5.1593 ад Жыгімонта ІІІ), Рудабелка (з 1620), Азарычы і Вязок (з 1616), Дудзічы (з 1629, Мазырскі павет), Трусавічы, Тарасава (з 1626, Менскі павет); фальварак Гуры пад Вільняй (1614—1626); Бельч (з 1614), Шчодрын (з 1622, Рэчыцкі павет); Славянск (з 1623), Забярэззе (з 1626, Ашмянскі павет).
Пахаваны 12.7.1633 у касцёле ў Забярэззі.
1-я жонка: Соф’я з Сапегаў (?—пасля 10.3.1623; кашталянка кіеўская; 1-ы муж: князь Андрэй Сангушка Ковельскі (?—1591), 2-і муж: Андрэй Тышкевіч (?—пасля 1597).
2-я жонка (з 1625): Соф’я Фёдараўна з князёў Друцкіх-Горскіх (?—1657), бацька: князь Фёдар Рыгоравіч (?—1615), маці: Марына з князёў Вішнявецкіх. З 1633 жонка Крыштофа Хадкевіча, кашталяна троцкага, ваяводы віленскага.
Падрабязнасці:
Бабкова В.У. Тэстаменты з актавых кніг Менскага гродскага суда XVI—XVII стст. // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Выпуск 3. Мінск, 2005. С. 104—119 (112).
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.
Lulewicz Henryk. Strawiński Baltazar (Balcer) // Polski Słownik Biograficzny. 2007. Zeszyt 181 (T. 44/2).S. 275—279.
© Валерый Пазднякоў, 2019
[1] КМФ-18.1.96.258—258 об.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


