Артыкулы: Стравінскі Марцін Матысавіч
Стравінскі Марцін Матысавіч (?—паміж 18.7 і 18.10.1594) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кашталян менскі і віцебскі.
З шляхецкага роду герба «Суліма». Бацька: Матыс. Браты: Бартламей, каралеўскі ротмістр; Ян, суддзя гродскі троцкі.
Цівун і гараднічы троцкі ў 1576—1594, войт магілёўскі з 1579, маршалак гаспадарскі ў 1580—1590, кашталян менскі ў 1590—1592, кашталян віцебскі з 1592; дэпутут Трыбунала ВКЛ у 1586 і 1591.
У маладосці служыў у войску. У час Інфлянцкай вайны 1558—1582 у 1560 атрымаў гаспадарскі ліст на наём 100-асабовай роты пяхоты. Рота ў 1561 стаяла ў Белым Камені, у 1562 у Дынамюндзе. У гэты час трапіў у шведскі палон, пасля вяртання служыў пры гаспадарскім двары і ў канцылярыі ВКЛ. У 1567 атрымаў ліст на наём 150-коннай роты, з якой стаяў у Магілёве. У 1578 адзін з рэвізораў Полацкага ваяводства.
Вызнаваў каталіцтва, у канцы жыцця, магчыма, прыняў кальвінізм.
Маёнткі: Стравенікі, Жыдзішкі (Троцкі павет), Губы, Лынтупы, Лучай, Манькавічы (Ашмянскі павет), Раклішкі (Лідскі павет), Удога, Пахадзевічы (Крычаўская воласць), Палуйкавічы (Магілёўская воласць), Старое Сяло (Аршанскі павет).
У 1567 вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст пазычыў у С. 2851 капу грошаў і даў яму ў заставу сяло Палуйкавічы Магілёўскай воласці, якое пасля адышло яго ўдаве, што пацвердзіў 21.1.1595 Жыгімонт ІІІ.
Жонка: Дамінітра Фёдараўна з Копцяў (?—12.6.1603) (бацька: Фёдар Сідаравіч Копаць).
Дачка: Соф’я (муж: Рыгор Сапега (?—1600), падкаморы аршанскі).
Падрабязнасці:
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.
Lulewicz Henryk. Strawiński Marcin // Polski Słownik Biograficzny. 2007. Zeszyt 181 (T. 44/2). S. 288—290.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


