Артыкулы: Струміла Юшка
Струміла Юшка (?—канец 1485) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ і Польшчы.
З шляхецкага роду герба «Дамброва». Бацька: Павел (?—1436), маці: Марыя. Браты: Аляксандр, Клеменс, Мацей, Пётр Кішка (родапачынальнік родаў Кішкаў і Цеханавецкіх), Станіслаў. Сёстры: Ганна, Малгажата (Багушка).
У маладосці пры двары в.кн. Вітаўта, куды паступіў, магчыма, з кн. мазавецкім Казімірам ІІ, сынам Семавіта IV, і інш. палякамі, відаць, увесну 1428, калі рахтавалася выправа на Вялікі Ноўгарад. Улетку 1428 удзельнічаў у гэтай выправе, пасля застаўся пры двары Вітаўта як гаспадарскі дваранін. У 1429 найвышэйшы ложнічы Вітаўта, пасля яго падскарбі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Луцкага з’езда манархаў 1429, на якім планавалася каранацыя Вітаўта. Атрымаў ад Вітаўта г. Бранск на Падляшшы, дамогся для свайго бацькі г. Цеханавец. Пасля смерці Вітаўта (7.10.1430) вярнуўся ў Мазовію, дзе дзякуючы жаніцьбе набыў г. Згер і некалькі вёсак.
З 1438 дзейнічаў у Перамышльскай зямлі і Рускім ваяводстве ў атачэнні польскага караля Уладзіслава ІІІ. У 1442 разам з ім у Венгрыі. У 1454—1466 удзельнічаў у вайне з Тэўтонскім ордэнам. У Рускім ваяводстве ўзначальваў шляхту, якая вяла барацьбу з магнацкім родам Адравонжаў.
Харужы львоўскі ў 1443—1461, падкаморы львоўскі ў 1461—1476, кашталян львоўскі з 1478.
1-я жонка: Алена (бацька: Сцібар з Санхоціна, падкаморы закрочымскі). Меў з ёю дачку Алену.
2-я жонка: Альжбета з Падося герба Юноша (?—пасля 5.2.1502) (бацька: Дзярслаў, харужы закрочымскі, кашталян вышагродскі).
Дачка: Алена (муж: Зыгмунт Кірдзеевіч з Памаран, стараста трамбовельскі).
Падрабязнасці:
Jakubczak Sławomir. Jerzy Strumiłło — przywódca konfederacji lwowskiej 1464 roku // Społeczeństwo Polski średniowiecznej. Zbiór studiów. TomV.Warszawa: PWN, 1992. S. 245—254.
Wiśniewski Jerzy. Osadnictwo wschodniej Białostocczyzny — geneza, rozwój oraz zróżnicowanie i przemiany etniczne // Acta Baltico-Slavica.T. 11. 1977.
Supruniuk Anna. Strumiłło (Strumiło) Jerzy // Polski Słownik Biograficzny. T. 44/3. Z. 182. Warszawa; Kraków, 2007. S. 52—53.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


