Артыкулы: Спампані Карла (Spampani Carlo)
Спампані Карла (Spampani Carlo) (?—2.5.1783) — архітэктар. Быў адным з піянераў класіцызму ў ВКЛ, будаваў пераважна мураваныя і драўляныя палацы, займаўся іх дэкараваннем.
Нарадзіўся ў Італіі, прыпушчальна, у Рыме. Мяркуецца, што вучыўся ў Акадэміі св. Лукі ў Рыме. Пад уплывам мастака Францішка Смуглевіча ў 1770 перасяліўся ў ВКЛ. Першапачаткова працаваў па заказах езуітаў (да скасавання ордэна ў 1773), выкладаў архітэктуру ў Віленскай акадэміі. Удзельнічаў у пабудове акадэмічных будынкаў, астранамічнай абсерваторыі. Пасля служыў у войску, у 1774 атрымаў ранг харужага булавы польнай літоўскай, з 1779 капітан. Для Паўла Ксаверыя Бжастоўскага пабудаваў палац у Паўлаве, з канца 1770-х гг. выконваў заказы Караля Радзівіла Пане Каханку (аўстэрыя, перабудова палаца ў Альбе і інш.). У 1779—1783 прыдворны архітэктар Юзафа Радзівіла, пабудаваў для яго драўляны палац у Радзівілімонтах пад Клецкам. Для Дамініка Пшаздзецкага пабудаваў палац у Заслаўі, завяршыў будоўлю касцёла. Для Адама Хмары пабудаваў палац у Сёмкаве. Для Тадэвуша Коцела пабудаваў двор і лямус у Беніцы каля Маладзечна. Кіраваў дэкараваннем палаца ў Шчорсах для Іаахіма Храптовіча. Удзельнічаў у пабудовепалаца Ігната Мараўскага ў Беліцы каля Мінска. Па заказу Юстыніяна Шчыта будаваў палац у Юстыніянаве, двары ў Добрамыслях і Таболках. Для Пятра Твароўскага пабудаваў двор у Велясніцы пад Пінскам. У Вільні кіраваў рамонтам капліцы св. Казіміра пры катэдральным касцёле. Для Юзафа Паца склаў праект двароў у Мытах і Ражанцы каля Ліды.
Памёр ад сухотаў. Пахаваны ў драўлянай царкве базыльянскага манастыра ў Цапры пад Клецкам.
Падрабязнасці:
Boberski Wojciech. Spampani Carlo // PSB. 41/1. S. 35—37.
© Валерый Пазднякоў, 2020
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


