Артыкулы: Стаброўскі Пётр

Стаброўскі Пётр (каля 1556—паміж 19.10.1619 і 10.7.1620) — дзяржаўны і ваенны дзяеч, стараста трэйдэнскі (з 1582), цівун вяшвянскі (з 1589), кашталян парнаўскі з 1600.

З шляхецкага роду герба «Любіч» зменены.

Бацька: Войцех Стаброўскі (?—паміж 18.5. і 6.6.1596).

Маці: Соф’я з Чыжоў (?).

Вызнаваў кальвінізм, быў кліентам біржанскіх Радзівілаў, якія падтрымлівалі яго ў палітычным жыцці.

З маладосці служыў у войску. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—1582 (у 1577 у Інфлянтах пад камандай Аляксандра Палубінскага, у паходах 1579—1581 Стафана Баторыя). За ўдзел у аблозе Кесі (цяпер Цэсіс (Cēsis) у Латвіі) у 1578 атрымаў ад караля 2 вёскі ў Жамойці. У 1581 быў ротмістрам, ваяваў пад Вялікімі Лукамі. 22.7.1582 атрымаў каралеўскі прывілей на ўрад старасты трэйдэнскага (замак і воласць Трэйдэн у Інфлянтах, цяпер Турайда (Turaidā) у Латвіі), пацверджаны 12.2.1588. Пасля служыў пад камандаваннем гетмана ВКЛ і ваяводы віленскага Крыштофа Радзівіла Перуна. Каля 1588 бацька С. перадаў яму ўрад цівуна вяшвянскага, што пацвердзіў 18.9.1589 кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ. У 1590 С. абраны паслом на сойм, дзе прызначаны ў камісію па люстрацыі каралеўскіх маёнткаў у Інфлянтах. У 1592 зноў пасол на сойм. Да 1595 атрымаў Скуенскае стараства (замак і воласць Скуен, цяпер Скуене (Skujene) у Латвіі). Удзельнічаў у з’ездзе пратэстантаўі праваслаўных у Вільні ў 1599. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629. У 1601 вызначыўся ва ўзяцці замка Скуен і пераможнай Какенгаўзенскай бітве 1601. За венныя заслугі атрымаў 13.9.1602 маёнткі ў Рыжскім павеце (Малесія, Танч). Быў адным з ініцыятараў і актыўным удзельнікам Зэбжыдоўскага рокаша 1606—1609, са сваім атрадам удзельнічаў у ваенных дзеяннях, у Гузаўскай бітве 1607. Пасля роспуску канфедэрацыі маёнткі С. былі канфіскаваны

Пасол на соймы 1596 (абраны ў дэпутацыю для перагавораў з пасламі імператара Рудольфа ІІ у справе даключэння антытурэцкай лігі, і ў камісію па веравызнаннях), 1597 (бараніў там правы дысідэнтаў), 1598, 1600, 1601 (абраны ў дэпутацыю для перагавораў з брандэнбургскім князем Георгам Фрыдрыхам), 1605, 1615 (выступаў на ім супраць вайны з Масковіяй). Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1599.

Маёнткі: у Жамойці (2 каралеўскія вёскі з 1578), у Інфлянтах (Скуен, Вольмар, Нітава, Гольдын), Люблінскім ваяводстве (Канопнэ, Катораў), Віцебскім ваяводстве (Абольцы, Чарэя, Лемніца, Вейна), Полацкім ваяводстве (Суша, Гарбачова, Навасёлкі, Цудзенічы, Замелач, Некалаў, Бачэйкава, Утрылаў, Цешычы, Свечын), Гарадзенскім павеце (Масты), Слонімскім павеце (Косава). Атрымаў 12.3.1595 прывілей на маёнтак Касмойса.

Жонка (прыкладна з 1584): княжна Фядора з Сангушкаў (бацька: князь Андрэй Сангушка (з ковельскай лініі); удава па князі Зыгмунце Матушэвічу Гедройцю).

Сыны: Крыштаф, ротмістр; Адам (?—1655 або 1656); Ян; Аляксандр; Юрый.

Дочкі: NN.

Падрабязнасці:

Byliński Janusz. Piotr Stabrowski // Przeszłość odległa i bliska. P., 2000. S. 67—74.

Бортнік Ігар. Пётр Стаброўскі як прадстаўнік грамадска-палітычнай думкі Вялікага Княства Літоўскага канца XVI—пачатку XVII стст. // Евангельская царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Выпуск 3 (да 500-годдзя Рэфармацыі і 500-годдзя беларускай Бібліі). Зборнік матэрыялаў ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 9 снежня 2017 г.). Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2018. С. 122—133.

Бортнік І.А. Месца Пятра Стаброўскага ў гісторыі грамадска-палітычнай думкі ВКЛ канца XVI—пачатку XVII ст. // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Матэрыялы VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Полацк, 1—2 лістапада 2017 г.). Полацк, 2019. С. 23―32.

Byliński Janusz, Wasilewski Tadeusz. Stabrowski Piotr // PSB. 41/3. S. 282—285.

© Валерый Пазднякоў, 2020

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.