Артыкулы: Сасноўскі Ян
Сасноўскі Ян (?—27.4.1660) — ваенны, дзяржаўны і гаспадарчы дзеяч.Падстолі віленскі ў 1635—1650, стольнік віленскі ў 1650—1654, кашталян полацкі з 1654.
З шляхецкага роду герба «Адравонж» («Наленч»?) з Хэлмскай зямлі.
У 1621—1625 удзельнічаў у вайне са Швецыяй у Інфлянтах пад камандаваннем гетмана Крыштафа Радзівіла (спачатку ў харугві Адама Стэцкевіча, з 1622 камандаваў харугвай венгерскай пехоты). У 1622 кіраваў абаронай Біржаў. З 1626 на службе ў К.Радзівіла, у 1630 рэвізор яго маёнтка Капыль, у 1630—1640 кіраваў маёнткам Старыца ў Слуцкім княстве. У 1633—1634 удзельнічаў у вайне з Расіяй за Смаленск (у складзе гусарскай харугвы К.Радзівіла). Пасля смерці К.Радзівіла (1640) служыў Багуславу Радзівілу, у 1642—1649 кіраваў усімі яго маёнткамі ў ВКЛ, у 1649—1655 Слуцкім княствам як яго намеснік. У 1648 узначаліў абарону Слуцка ў час нападу казакаў. З 1651 камандаваў харугвай у вайне з казакамі.Удзельнічаў у вайне з Расіяй 1654—1667, у 1654—1655 на чале казацкай харугвы ваяваў ва ўсходняй Беларусі. Не далучыўся да саюзу са шведамі, увесь час вайны заставаўся верным Яну ІІ Казіміру. У заключнай фазе вайны актыўных дзеянняў не прадпрымаў.
Вызнаваў спачатку кальвінізм, з 1656 католік.
Маёнткі: Русакі, Старыца, Грозаў Астрашыцкі (Новагародскае ваяводства), Астрашыцкі Гарадок (Менскае ваяводства) і інш. У 1655—1658 арандаваў Петрыкаў.
Памёр у Слуцку, пахаваны 30.9.1660 у каталіцкім касцёле.
Жонкі: 1-я (прынамсі з 1625) Ганна з Цадроўскіх (?—24.8.1652); 2-я (шлюб 7.12.1652) Агнешка з Кахлеўскіх (бацька: Пётр Кахлеўскі).
Дачка: Кацярына (Крысціна) (?—1667) (1-ы муж: Альбрыхт Дубоўскі, стольнік новагародскі; 2-і муж: Ян Корсак, кашталян полацкі).
Падрабязнасці:
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom I. Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Uładzimira Jemialianczyka i Andreja Macuka. Warszawa: DiG, 2004. 764 s.
Rachuba Andrzej. Sosnowski Jan // PSB. 40/4. S. 549—552.
© Валерый Пазднякоў, 2020
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


