Артыкулы: Сасноўскі Юзаф Сільвестр

Сасноўскі Юзаф Сільвестр (каля 1710—31.12.1783) — ваенны, дзяржаўны дзеяч.Вялікі пісар ВКЛ у 1754—1764, пісар польны ВКЛ у 1764—1771, ваявода смаленскі ў 1771—1775, гетман польны ВКЛ у 1775—1780, ваявода полацкі з 1781.

З шляхецкага роду герба «Наленч».

Бацька: Марцін, ротмістр пярэдняй стражы войска ВКЛ.

Маці: Тэафіла з Крушынскіх.

У маладосці стаў сакратаром у канцылярыі польнага гетмана ВКЛ Станіслава Дэнгафа, потым ротмістр у палку булавы вялікай ВКЛ. Стаў кліентам вялікага гетмана ВКЛ Людвіка Пацея. Пасля смерці Аўгуста ІІ прыхільнік вялікага князя літоўскага і караля польскага Станіслава Ляшчынскага, атрымаў ад яго ранг палкоўніка пярэдняй стражы булавы польнай ВКЛ, удзельнічаў у баях на тэрыторыі ВКЛ з расійскімі вайскамі, якія падтрымлівалі Аўгуста ІІІ. Пасля перамогі апошняга С. страціў вайсковы ранг. Перайшоў на вайсковую службу да Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. З 1737 харужы пяцігорскі ў каралеўскай харугве. Пасля стаў кліентам падканцлера ВКЛ Міхала Чартарыйскага, быў актыўным прыхільнікам «Фаміліі». З 1742 паручнік пяцігорскі ў харугве падскарбія надворнага Юзафа Сапегі. З 1744 харужы пяцігорскі ў войску ВКЛ.

Пасол на соймы 1740, 1750, 1752, 1754, 1758, 1761, 1762, 1764, элекцыйны сойм 1764 (быў абраны яго маршалкам), каранацыйны сойм 1764, 1766, 1767. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1743.

З 1754 вялікі пісар ВКЛ. Пасля смерці Аўгуста ІІІ (1763) маршалак шляхты Берасцейскага ваяводства. З 1764 пісар польны ВКЛ, член Вайсковай камісіі ВКЛ. Далучыўся да Радамскай канфедэрацыі, выступіў супраць Барская кафедэрацыі. З 1771 ваявода смаленскі. У 1775—1780 гетман польны ВКЛ. З 1776 член Пастаяннай Рады. З 1781 ваявода полацкі.

Маёнткі: Сасновіца, Пульма (Холмскае ваяводства), Прагаліны, Камароўка, Зводы, Тур (Берасцейскае ваяводства), у 1740-х г. трымаў Клецк і Цімкавічы (ад Марціна Радзівіла), у 1765—1768 трымаў Сталавічы (ад Бартламея Стэцкага), трымаў каралеўшчыны Ракітна, Голую, Крапіўкі (Берасцейскае ваяводства). У 1759—1776 стараста берасцейскі, з 1772 стараста і войт ратненскі. У 1748—1751 войт віцебскі.

Памёр у Ратне.

Жонка (з 4.6.1741): Тэкля з Зяновічаў (каля 1723—пасля 1818).

Дочкі: Кацярына (муж: Юзаф Вінцэнт Плятэр); Людвіка (муж: Юзаф Любамірскі).

Падрабязнасці:

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom IV. Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie. XIV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk. Warszawa: DiG, 2003. 412 s.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom V. Ziemia polocka i województwo połockie. XIV—XVIII wiek / Pod redakcją Henryka Lulewicza. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Andrzej Haratym, Andrej Macuk i Andrej Radaman przy współpracy Witala Hałubowicza i Przemysława P.Romaniuka. Warszawa: Instytut Historii PAN, 2018. 306 s.

Zielińska Zofia. Sosnowski Józef Sylwester // PSB. 40/4. S. 559—565.

© Валерый Пазднякоў, 2020

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.