Артыкулы: Станкевіч (з Білевічаў) Ян Мікалай
Станкевіч (з Білевічаў) Ян Мікалай (?—паміж 19.4.1657 і 25.5.1657) — дзяржаўны дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Магіла», галіны роду Білевічаў. Бацька: Мікалай Станкевіч (?—паміж 30.5 і 6.10.1599), войскі жамойцкі. Маці: Ганна з Войнаў (бацька: Сямён Война, кашталян мсціслаўскі). Брат: Адам Мікалай Станкевіч.
У маладосці служыў у войску ВКЛ, удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629, вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618, Хацінскай бітве 1621. Падпісаў 20.10.1655 дагавор са Швецыяй аб уніі. У 1656—1657 камандаваў казацкай харугвай пад камандаваннем гетмана Вінцэнта Гасеўскага.
Пісар земскі жамойцкі ў 1622—1653, пісар вялікі ВКЛ з 1653, цівун эйрагольскі ў 1635—1657. Пасол на соймы 1626, 1631, 1632, 1637, 1640, 1645, 1646 (яго маршалак), 1647, 1648, 1649, 1650, 1653, 1654, 1655. Неаднаразова быў абраны дэпутатам Скарбовага трыбунала ВКЛ.
Маёнткі: у Жамойці (Панявеж, Білевічы, Палукні, Мяшкомні, Трумпяны, Пампяны, Карцяны), Ковенскім павеце (Слікі, Скрабіны, Конюхі, Ункевічы, Пікелевічы, Вадзяны, Гірейкавічы), Смаленскім ваяводстве (Мазнава, Малыя Ліпкі).
У 1642 разам з братам Адама Мікалаем фундаваў алтарыю ў Расейнскім касцёле.
Жонка: Ефрасіння Іаана з Білевічаў (?—1661); бацька: Юрый Білевіч, падкаморы жамойцкі. Пасля смерці С. выйшла замуж за Уладзіслава Яўстафія Кірдзея, войскага вількамірскага.
Сын: Мікалай Ізідар (?—пасля 1668).
Дачка: Кацярына Людвіка; муж: Геранім Пузына (?—1703), падчашы ўпіцкі.
Падрабязнасці:
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom III. Księstwo Żmudzkie. XV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opracowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym. Warszawa: DiG, 2015. 370 s.
Rachuba Andrzej. Stankiewicz (Billewicz, Stankiewicz z Billewiczów) Jan Mikołaj // PSB. T. XLII. 2003—2004. S. 174—176.
© Валерый Пазднякоў, 2020
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


