Артыкулы: Станкевіч (з Білевічаў) Міхал Яўстафій
Станкевіч (з Білевічаў) Міхал Яўстафій (?—паміж 8.11. і 12.12.1680) — дзяржаўны дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Магіла», галіны роду Білевічаў. Бацька: Адам Мікалай Станкевіч (?—паміж 4.5. і 8.7.1663), суддзя гродскі жамойцкі ў 1634—1643, цівун тверскі з 1639, пісар земскі жамойцкі з 1654. Маці: Крысціна Аляксандра Мальхераўна з Білевічаў.
У маладосці быў пакаёвым дваранінам Яна ІІ Казіміра Вазы. Лоўчы ковенскі з 1650, суддзя гродскі жамойцкі ў 1654—1661, цівун эйрагольскі ў 1657—1680, падкаморы жамойцкі ў 1673—1680. Пасол на соймы 1655, 1664, 1667, 1672, 1674, 1676, Гарадзенскую канвакацыю 1665. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1653, 1663.
Удзельнічаў у выбарах караля польскага і вялікага князя літоўскага Міхала Вішнявецкага ў 1669, Яна ІІІ Сабескага ў 1674.
Быў актыўным у палітычным жыцці Жамойці, шмат разоў старшынстваваў на сойміках, быў паборцам падаткаў.
Падпісаў Кейданскую ўгоду 20.10.1655, але не быў актыўным прыхільнікам уніі са Швецыяй. Удзельнічаўу пераможнай бітве са шведамі пад Жыдзейкамі ў маі 1659.
Маёнткі: у Жамойці (Гайданы), Расіенскім павеце (Палесін, Пежы, Білевічы), Ашмянскім павеце (Зановічы, Макрэц), Аршанскім павеце (Княжычы, Сенькава, Рафалаў), Віленскім павеце (Карысць, Пекялішкі-Гірканцішкі).
Жонка: Кацярына з Хжчановічаў (шлюб да 1652), бацька: Ян Хжчановіч (?—1652), падкаморы парнаўскі; маці: Ганна з Галоўчынскіх.
Сыны: Міхал Адам; Леанард Дамінік (?—1710), цівун паюрскі ў 1702—1710, сурагатар гродскі жамойцкі з 1709; Іасафат/ Іосіф.
Дочкі: Барбара Схаластыка (бенедыкцінска ў Коўне); Крысціна; Элеанора (1-ы муж: Міхал Талочка, 2-і муж: Казімір Станкевіч); Ганна Кацярына (муж: Аляксандр Ежы Пузына (?—1702), харужы ўпіцкі).
Падрабязнасці:
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom III. Księstwo Żmudzkie. XV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opracowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym. Warszawa: DiG, 2015. 370 s.
Rachuba Andrzej. Stankiewicz (Billewicz, Stankiewicz z Billewiczów) Michał Eustachy // PSB. T. XLII. 2003—2004. S. 199—201.
© Валерый Пазднякоў, 2020
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


