Артыкулы: Сітанскія

Сітанскія — сям’я артыстаў.

Сітанскі Лявон (каля 1745, Гародня—1800) — музыка.

З 1765 першая скрыпка і капельмайстар Гарадзенскай капэлы надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза. Тызенгаўз паслаў Лявона у працяглую паездку па краінах Еўропы з даручэннем запрасіць таленавітых музыкаў, спевакоў, танцораў для плануемага тэатра ў Гародне і заключыць з імі кантракты (1772—1774). У Неапалі заключыў кантракт з Гаэтана Пецінеці. Быў кіраўніком Гарадзенскай тэатральнай школы Тызенгаўза. У 1781 выступаў з канцэнтартамі ў Італіі. Яго браты — Сітанскія Барталамей і Сымон. Яго дачка — Сітанская (Сярпінская) Малгажата Магдалена. Яго другая жонка (?) — Сітанская Дарота.

Сітанскі Барталамей (?—пасля 1785) — музыка.

У 1776—1781 музыка Гарадзенскай капэлы надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза. Выкладаў ігру на клавікордзе, фагоце, скрыпцы ў Гарадзенскай тэатральнай школы Тызенгаўза. Працаваў таксама ў Паставах. Яго браты — Сітанскія Лявон і Сымон.

Сітанскі Сымон (?—люты 1785) — музыка.

З 1771 граў у Гарадзенскай капэлы надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза. Выкладаў ігру на габоі і скрыпцы ў Гарадзенскай тэатральнай школы Тызенгаўза. З 1781 у Нясвіжскай капэле Радзівілаў. Яго браты — Сітанскія Лявон і Барталамей.

Сітанская Дарота (каля 1767—пасля 1797) – танцорка.

З сялян па прозвішчу Пякарскія.

Калі ў 1782 па загадзе надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза ў Паставах была адчынена балетная школа пад кіраўніцтвам Ф. ле Ду, была туды прынята. Пасля смерці Тызенгаўза (1785) трупа перайшла пад патранат караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і пераведзена ў Варшаву як Танцоры нарадовы ЯКМ. Выступалі ў каралеўскім тэатры ў Лазенках і ў Тэатры Нарадовым ў супарцоўніцтве з антрэпрызай Войцеха Багуслаўскага. Была адной з найлепшых танцорак трупы. У 1787 выйшла замуж за аднаго з братоў Сітанскіх (Лявона?) – скрыпача, які шмат гадоў супрацоўнічаў з гарадзенскім тэатрам Тызенгаўза, і выступала пад прозвішчам Сітанская. Багаты пасаг атрымала ад караля. Выступіла прыблізна ў 100 балетах. У апошнія гады выступала ў Варшаве (1795), Гародні (1795), Львове (да 1797).

Сітанская Малгажата Магдалена (?—пасля 1797) – спявачка (сапрана).

Бацька: Лявон Сітанскі – скрыпач і капельмайстар надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза ў Гародні.

Тызенгаўз запісаў у тастаманце 8 тыс. злотых ёй на адукацыю. Вучылася спевам у італьянца Абатэ (Abbate) у школе спеваў у Паставах, танцам – у француза Ф. ле Ду, вучылася граць на клавіцымбале (клавесіне), французскай і італьянскай мовам. У 1785 з бацькам была ў Пецярбургу, там працягвала навучанне. Дэбют прайшоў 2.1.1786 у Тэатры Нарадовым у Варшаве. Часта выступала ў каралеўскім тэатры ў Лазенках. Плату атрымлівала ад караля. Да 1795 выйшла замуж, ужывала прозвішча Сярпінская (Sierzpińska). Была мэтрэсай Юзафа Панятоўскага.

Падрабязнасці:

Pudelek Janina // Sitańska z Piekarskich Dorota // PSB. T. 37/5. S. 584—585.

Komorowska Małgorzata. Sitańska Małgorzata Magdalena // PSB. T. 37/5. S. 585.

Bernacki L. Teatr, dramat i muzyka za Stanisława Augusta. Lwów, 1925.

Mamontowicz-Łojek Bożena. Szkoła artystyczno-teatralna Antoniego Tyzenhauza. Wrocław, 1968.

Mamontowicz-Łojek Bożena. Tancerze króla Stanisława Augusta 1774—1798. Początki polskiego baletu. Warszawa: Oficyna Wydawnicza RYTM, 2005.

Simon L. Repertuar teatru w Polsce za czasów Stanisława Augusta. Lwów, 1929.

Wierzbicka-Michalska K. Schyłek mecenatu teatralnego Stanisława Augusta // Wiek Oświecenia. 1993. T. 9.

Wierzbicka-Michalska K. Sześć studiów o teatrze stanisławowskim. Wrocław, 1967.

Żórawska-Witkowska Alina. Kapela Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. Nr 2. S. 3—34.

Żórawska-Witkowska Alina. Muzyka na dworze i w teatrze Stanisława Augusta. Warszawa: Arx Regia, 1995. 371 s.

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн.: Навука і тэхніка, 1992.293 с., ил.

Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мінск, 2001. 254 с., іл.

Дадзіёмава В.У. Музычная культура Беларусі XVIII стагоддзя. Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне. Мінск, 2002. 383 с.

Дадзіёмава В.У. Музычная культура Беларусі XVIII стагоддзя. Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне. Выданне 2-е, перапрацаванае. Мінск, 2004. 383 с., іл.

Дадзіёмава В.У. Гісторыя музычнай культуры Беларусі да ХХ стагоддзя. Мінск: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2012. 230 с.

Jędrychowski Zbigniew. Teatra grodzieńskie 1784—1864. Warszawa, 2012. 504 s., il.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.