Артыкулы: Сіповіч Габрыель Войцехавіч

Сіповіч Габрыель Войцехавіч (?—1675) — дзяржаўны дзеяч.

З шляхецкага роду герба «Ліс». Бацька: Войцех Сіповіч, шляхціч у Жамойці. Маці: Ганна з Гімбутаў.

У 1638 паступіў у Кракаўскую акадэмію (аднак Войцех Віюк-Каляловіч сцвярджаў, што С. у семнаццацігадовым узросце атрымаў у Віленскай акадэміі ступень магістра мастацтва і філасофіі).

У 1648 дэпутат Трыбунала ВКЛ (ад Жамойці). Пасля смерці Уладзіслава IV удзельнічаў у 1648 у працы Віленскай канвакацыі. Жамойцкі лоўчы ў 1649—1651, чашнік у 1651—1658, цівун шадаўскі з 1657, пісар земскі з 1663. Паборца падаткаў на Жамойці ў 1653, 1654. У 1655 узяў у арэнду на 2 гады падатак чопавае на Жамойці. 17.8.1655 у Кейданах падпісаўся на акце перадачы ВКЛ шведскаму каралю Карлу Х Густаву. Стаў адным з арганізатараў антышведскага паўстання на Жамойці ўвесну 1656. Пасол на соймы 1664—1665, 1666, 1667, 1669 (удзельнічаў у элекцыі Міхала Вішнявецкага), 1674 (удзельнічаў у элекцыі Яна ІІІ Сабескага). Належаў да групоўкі Пацаў. Ад канцлера ВКЛ Крыштафа Паца ў 1667 атрымаў у кіраўніцтва Аліцкую эканомію. Быў рэвізорам маёнткаў Крыштафа Паца. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1671.

Маёнткі: Варсяды, Яўшуны, Ярвіды, Відэйкі, Невардзяны Клайшышкі (Жамойць).

Жонка: Эльжбета з Станкевічаў.

Сын: Міхал (29.9.1660—15.7.1692), езуіт.

Дочкі: Ганна Кацярына (муж: Юрый Юзаф Хжанстоўскі, цівун гандынскі, пісар земскі жамойцкі); Клара (муж: Лявон Казімір Палубінскі, цівун твэрскі, падкаморы слонімскі).

Падрабязнасці:

Rachuba Andrzej. Sipowicz Gabriel // PSB. Т. 37/5. S. 559—560.

Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582—1696). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Warszawa: DiG, 2007. 469 s.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom III. Księstwo Żmudzkie. XV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opracowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym. Warszawa: DiG, 2015. 370 s.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.