Артыкулы: Сільніцкі Збігнеў

Сільніцкі Збігнеў (?—паміж 1630 і 12.8.1642) — ваенны дзеяч.

З шляхецкага роду герба «Еліта».

З маладосці ў войску. У 1607 атрымаў ад караля за вайсковую службу ў пажыццёвае трыманне разам з жонкай вёскі Крыманаў і Выселак у Падольскім ваяводстве. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618. У 1610 ваяваў пад Смаленскам як паручнік роты ваяводы брацлаўскага Якуба Патоцкага. Калі ў 1612 пасля яго смерці войска ў Смаленску адмовілася маршыраваць на Маскву з-за нявыплаты грошаў, С. стаў на чале збунтаваных жаўнераў. З часткай войска заняў вёскі пад Дарагабужам, прызначаныя на ўтрыманне смаленскага гарнізона. У пачатку 1613 перамовы з С. пачаў рэгент кароннай канцылярыі Якуб Задзік. Польны гетман ВКЛ Як Караль Хадкевіч заклікаў С. выйсці з захопленых вёсак. На сойм 1613 С. выслаў пасольства на чале з палкоўнікам Рэмігіянам Венхадлоўскім з патрабаваннем выплаты затрыманых грошай. 22.5.1613 смаленскае войска завязала канфедэрацыю на чале з С. Са Смаленшчыны канфедэраты рушылі на Літву і ў чэрвені 1613 падыйшлі пад Вільню, пагражаючы заняць горад. Сітуацыю залагодзілі Януш і Крыштаф Радзівілы, якія прадаставілі войску стацыю ў сваіх маёнтках, а віленскія мяшчане выплацілі кантрыбуцыю. С. перабраўся ў Коўну, адкуль 23.8.1613 разаслаў старастам і дзяржаўцам каралеўскіх маёнткаў універсалы, паведамляючы пра свой намер крочыць у Вялікапольшчу, Каралеўскую і Княскую Прусію. Прускі электар Іаахім Фрыдрых 7.10.1613 у Вярболаве заключыў пагадненне з С., на моцы якога за 7 тыс. злотых С. абяцаў не ўваходзіць у яго ўладанні. Адначасова С. заключыў саюз з маршалкам вайсковай канфедэрацыі (з-пад Масквы) Юзафам Цеклінскім, узгадняючы супольныя дзеянні напярэдадні надзвычайнага сойма. У кастрычніку 1613 канфедэраты дайшлі да Серпца, адкуль С. разаслаў лісты з патрабаваннем стацыі і харчу. Хутка канфедэраты ўвайшлі ў Каралеўскую Прусію. У выніку перамоваў у Грудзёндзы 5.11.1613 было заключана пагадненне, на моцы якога пруская шляхта абяцала выплаціць канфедэратам 93 тыс. злотых, а тыя — пакінуць Прусію. У лістападзе 1613 канфедэраты сталі пад Быдгашчам. Тут праходзілі перамовы канфедэратаў з камісіяй, вызначанай соймам. Канфедэрацыі было выплачана 1 136 897 злотых. 7.5.1613 канфедэрацыя была развязана. На сойме 1615 С. разам з іншымі начальнікамі кафедэрацыі быў прыгавораны да інфаміі. С. пачаў змагацца за сваю рэабілітацыю, абяцаў каралевічу Уладзіславу ўдзельнічаць у паходзе на Маскву. Пасля асеў на Падоллі ў вёсцы Даманаў. З 1627 войскі камянецкі, пасол на сойм 1628.

Жонка: Агнешка з Крэнжкоўскіх.

Падрабязнасці:

Byliński Janusz. Silnicki Zbigniew // PSB. Т. 37/5. S. 500—502.

Byliński Janusz. Dwa sejmy z roku 1613. Wrocław, 1984.

Filipczak-Kocur Anna. Skarb koronny za Zygmunta III Wazy. Opole, 1985. 160 s. (S. 110—112).

Сагановіч Генадзь. ВКЛ і вайсковыя канфедэрацыі 1612—1614 г. // БГА. 2008. Т. 15. Сш. 1—2. С. 100—123.

Пшэпюрка Анджэй Гжэгаж. Дзеянні войскаў ВKЛ пад Смаленскам у 1614 г. // БГА. 2008. Т. 15. Сш. 1—2. С. 124—148.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.