Артыкулы: Слушка Дамінік Міхал

Слушка Дамінік Міхал (каля 1655—29.1.1713) — дзяржаўны і ваенны дзеяч, ваявода полацкі з 1686.

З шляхецкага роду герба «Астоя». Бацька: Багуслаў Юрый (каля 1620—пач. 1658). Маці: Ганна з Патоцкіх (?—8.2.1695).

Вучыўся ў школе Навадворскіх у Кракаве (?). Да 1680 быў на службе ў падканцлера і польнага гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Радзівіла. Пасля яго смерці перайшоў у лагер Сапегаў, удзельнічаў у іх барацьбе супраць Пацаў, у далейшым — супраць рэспубліканцаў. У 1683 удзельнічаў у паходзе войска ВКЛ у Венгрыю. Абраны 14.8.1685 ваяводам полацкім, намінаваны 1.3.1686. Як палкоўнік войска ВКЛ у 1686 удзельнічаў у выправе Яна ІІІ Сабескага ў Малдову, у 1694 — супраць Турцыі. Пасля смерці Яна ІІІ (1696) выступаў за абранне на трон французскага кн. Францішка Канці, пасля пагадзіўся з Аўгустам ІІ. Пасля паражэння сапегаўскага лагера ў Алькеніцкай бітве 1700 перайшоў на бок рэспубліканцаў. Варожа сустрэў шведскі ўваход у ВКЛ. У 1704 (?) абраны шляхтаў Полацкага ваяводства палкоўнікам, у 1707 прызначаны генеральным палкоўнікам ВКЛ. Далучыўся да Сандамірскай канфедэрацыі. Выступаў за саюз з царом Пятром І. У 1708, пасля адмовы Аўгуста ІІ ад трона Рэчы паспалітай, вымушана прызнаў уладу Станіслава Ляшчынскага, хутка эміграваў у Прусію. Пасля вяртання трону Аўгусту ІІ вярнуўся у РП. Драўнічы віленскі з 1699.

Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1678, 1681 (маршалак), 1690 (маршалак), 1695 (маршалак), 1700.

Пасол на соймы 1683 (абраны ў камісію па перагаворах з Масквой), 1685.

Стараста рэчыцкі (1673—1685), барысаўскі (з 1685), суражскі (з 1693), радуньскі (з 1708), ужвенцкі (з 1708), васілішкаўскі (з 1708).

Маёнткі: Цепелева (з 1671, Сандамірскае ваяв.), Чашнікі (з 1675, Аршанскі пав.), Галоўчын, Скрыгалаў, Антонаў, Мухаеды, Тайманаў-Новы Быхаў; Валожын, Сакаўшчына (Ашмянскі пав.), Стоўпцы (Менскае ваяв.), Нача, Лошніца (Аршанскі пав.), Пятровічы (Троцкае ваяв.), Хатаевічы; Сорыца, Кабак (арэнда ў 1692—1695), Капаткевічы, Міхнавічы, Куцюры, Даманавічы, Яхімавічы, Барыскавічы (Мазырскі пав.).

Меў палацы ў Вільні (гл. Віленскі палац Слушкаў) і Гародні.

Даў фундушы праваслаўнаму манастыру ў Барысаве (1693, засценак Кабілішчына), кляштару бернардзінцаў у Полацку (1696), кляштару дамініканцаў у Стоўпцах (меўся там быць пахаваным).

Падпісаў тастамент 29.1.1713, у той жа дзень памёр у Вільні.

Жонка (шлюб 1686): Канстанцыя з Падбярэскіх (?—1722/3) (бацька: Рыгор Казімір Падбярэскі(?—20.6.1677), ваявода смаленскі). Дзяцей не мелі.

Падрабязнасці:

Rachuba Andrzej. Słuszka Dominik Michał// PSB. T. XXXIX/1. Z. 160. Warszawa; Kraków, 1999. S. 140—144.

Sadkowska Czesława. Genealogia rodu Słuszków i ich archiwum. (Szkic genealogiczno-archiwalny) // Archeion. LII. Warszawa, 1969. S. 57—81.

Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697—1794). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Andrzej Rachuba i Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Andreja Macuka i Jewgienija Aniszczenki. Warszawa: DiG, 2004. 448 s.

Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582—1696). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Warszawa: DiG, 2007. 469 s.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom I. Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Uładzimira Jemialianczyka i Andreja Macuka. Warszawa: DiG, 2004. 764 s.

Сліж Наталля. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Смаленск: Інбелкульт, 2015. 671 с., іл.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.