Артыкулы: Слушка Зыгмунт Адам
Слушка Зыгмунт Адам (26.5.1628—2.12.1674) — дзяржаўны і ваенны дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Астоя». Бацька: Аляксандр (каля 1580—ліпень 1647), кашталян менскі ў 1618—1628, жамойцкі ў 1628—1633, ваявода менскі ў 1633—1638, новагародскі ў 1638—1642, троцкі з 1642. Маці: Соф’я Канстанцыя з Зяновічаў (?—14.1.1642) (бацька: Крыштаф Зяновіч, ваявода берасцейскі; маці: Тэадора з Валовічаў, у 1-м шлюбе замужам за Станіславам Кішкам). Брат: Багуслаў Юрый (каля 1620—пач. 1658), падскарбі надворны ВКЛ з 1645.
Вучыўся ў Вільні (1639), Кракаўскім універсітэце (1645—1646). Быў каралеўскім пакаёвым дваранінам (1643). У 1648 на чале ўласнага атрада выступіў супраць казакаў Б.Хмяльніцкага, удзельнічаў у адбіцці напада атрада Гаркушы на Быхаў. У 1649 прызначаны надворным харужым ВКЛ. У 1650 атрады С. знаходзіліся ў Прапойску і Новым Быхаве. У 1651 абараняў Гомель. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 дзейнічаў пад камандаваннем гетмана Януша Радзівіла. Удзельнічаў у бітве пад Шкловам 12.8.1654, пад Шапялевічамі 24.8.1654, потым абараняў Гомель. Узімку 1654—1655 удзельнічаў у бітве за Магілёў. Удзельнічаў у абароне Вільні, потым адышоў у Жамойць. Падпісаў Кейданскую унію 1655, прызнаючы зверхнасць шведскага караля Карла Х Густава. Потым прайшоў на бок караля Яна ІІ Казіміра, удзельнічаў у баях з маскоўскім войскам пад Гародняй і Берасцем. У 1656 на чале палка ваяваў у Польшчы, удзельнічаў у вызваленні ад шведскіх войск Любліна і Варавы. У 1656 прызначаны вялікім харужым ВКЛ. Пасол на соймы 1659, 1662, 1666. Удзельнічаў у бітве пад Палонкай і над Басяй у 1660, у выправе Яна ІІ Казіміра за Дняпро 1663—1664. Прыняў удзел у барацьбе з рокашам Е.Любамірскага. Удзельнічаў у абранні на трон Яна ІІІ Сабескага (1674).
Стараста прапойскі і гомельскі (1647—1667).
Заснаваў кляштар дамініканцаў у Чашніках (1674).
Маёнткі: Скрыголаў, Галоўчын, Тайманаў (Аршанскі пав.), Антонаў, Трасцяніца (Берасцейскае ваяв.), Камень, Кавалеўшчына, Новы Двор (Менскі пав.), Чашнікі (Полацкае ваяв.)
Трымаў каралеўшчыны: Гародня, Манькоўка Хрыплаў, Пакалюбічы, Касцюкоўка, Новае Шылава (Рэчыцкі пав.), Астроўна, Ціхінічы, Дорахаўшчына, Івараўск, Хараналы Яленна (Старадубскі пав.), Мерач, Рэша Слушчынская (Віленскае ваяв.).
Меў палац у Вільні.
Жонка: Крысціна з Казаноўскіх (1-ы муж: Аляксандр Радзішэўскі (?—1670), кашталян падляшскі; 3-і муж (шлюб 1680): Андрэй Караль Домбскі, лоўчы санацкі). Дзяцей не мелі.
Падрабязнасці:
Rachuba Andrzej. Słuszka Zygmunt Adam // PSB. T. XXXIX/1. Z. 160. Warszawa; Kraków, 1999. S. 152—156.
Sadkowska Czesława. Genealogia rodu Słuszków i ich archiwum. (Szkic genealogiczno-archiwalny) // Archeion. LII. Warszawa, 1969. S. 57—81.
Чаропка Станіслаў. Рэчыцкі пасол на сеймах Рэчы Паспалітай Зыгмунт Адам Слушка: жыццё для Айчыны… // Сёмыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Рэчыца, 1—2 кастрычніка 2010 г. Гомель, 2010. С. 302—308.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


