Артыкулы: Солтан (Перасвет-Солтан) Станіслаў

Солтан (Перасвет-Солтан) Станіслаў (27.8.1756—1836) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

З роду Солтанаў гербу ўласнага. Бацька: Станіслаў (?—1758), падстараста браслаўскі, падстолі інфлянцкі з 1752. Маці: Алена з Ромераў (бацька: Стафан Юрый Ромер (1678—1773), харужы троцкі). Самачынна карыстаўся графскім тытулам.

Генерал-ад’ютант булавы польнай ВКЛ з 1774, генерал-маёр войска ВКЛ з 1781, вялікі харужы ВКЛ з 1782, падкаморы ВКЛ з 1790, маршалак надворны ВКЛ у 1791—1792; стараста слонімскі з 1787. 

Пасол на сойм 1782, Чатырохгадовы сойм 1789—1792.

Прыхільнік Канстытуцыі 3.5.1791, адзін з заснавальнікаў «Таварыства прыяцелей урадавай канстытуцыі». Увайшоў у склад Камісіі паліцыі абодвух народаў. Актыўна ўдзельнічаў у развіцці сеткі шпіталяў у ВКЛ. Пасля паражэння Рэчы Паспалітай у вайне з Расіяй 1792 адмовіўся ад пасады маршалка надворнага ВКЛ і з’ехаў у Лейпцыг, аднак хутка вярнуўся і фармальна далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. Быў адным з арганізатараў паўстання 1794 у ВКЛ. Напярэдадні паўстання арыштаваны ў сакавіку 1794 у Дзятлаве расійскімі вайсковымі ўладамі і сасланы ў Казань, вызвалены ў 1797. У 1798 зноў арыштаваны, хутка вызвалены. У пачатку ХІХ ст. арыентаваўся на Францыю ў справе адраджэння Рэчы Паспалітай. У час вайны Францыі і Расіі 1812 С. прызначаны Напалеонам 1.7.1812 на пасаду старшыні Камісіі часовага ўрада ВКЛ, узначаліўшы адначасова Аддзел правізіі ў яе складзе. У 1812—1813 разам з інышмі членамі Камісіі ў эміграцыі. Пасля вяртання на Беларусь у палітычным жыцці не ўдзельнічаў.

Належаў да масонскіх ложаў «Гарлівы літвін» (1781), «Дасканалае адзінства» (1781).

Ордэны: св. Станіслава (1782), Белага Арла (1791), афіцэрскі крыж ордэна Ганаровага Легіёна (1813).

Маёнткі: Дзятлава (Слонімскі павет), Янішчы (Пінскі павет), Більча; стараствы Амельянскае (маёнткі Андрэпна і Мура, Рэжыцкі павет), Слонімскае (з 1787). У 1785 купіў у Станіслава і Караліны Радзівілаў маёнткі Вясёлы Двор (ф. Брычычы, в. Пінчычы, Курпешы, Заполле, Клішэвічы, Баравікі, Рыбакі, Серафіны, Галоўлі), Янаўшчына (ф. Савічы, в. Нарбутовічы, Раклевічы, Гірыкі, Маркаўшчына, Маскалі, інакш Сядляры, Міклашы, Малдуці, Савічы) у Слонімскім павеце[1].

Памёр у Мітаве. Пахаваны ў катэдральным касцёле ў Рызе.

1-я жонка (шлюб да 1780): Францішка Тэафіля з Радзівілаў (?—1802; бацька: Станіслаў Радзівіл, падкаморы ВКЛ).

2-я жонка (шлюб каля 1820): Канстанцыя з Тапліцкіх-Тупальскіх (1-ы муж: Каспер Корсак).

Сыны: Адам Людвік (1792—1863); Станіслаў (1822—1896); Уладзіслаў Геранім Самуель (1824—1900).

Дочкі: Караліна (муж: Юзаф Кубліцкі); Ганна (муж: Антоній Ваньковіч); Гелена (муж: Францішак Солтан); Гелена (1826—8(21).9.1900, 1-ы муж: Актавіюш Эйсмант; 2-і муж: Ян Пілецкі).

Падрабязнасці:

Anusik Zbigniew. Sołtan (Pereświet-Sołtan) Stanisław // PSB. 40/3. S. 365—370.

Żychliński Teodor. Złota księga szlachty polskiej przez Teodora Żychlińskiego. Rocznik drugi. W Poznaniu, 1880. S. 308—313, 407.

Żychliński Teodor. Złota księga szlachty polskiej przez Teodora Żychlińskiego. Rocznik Vty. W Poznaniu, 1883. С. 316—317.

Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku. Spisy. Tom XI. Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII wieku. Spisy / Opracowali Henryk Luliewicz i Andrzej Rachuba. Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994. 255 s.

Шаланда Аляксей. Гербы роду Солтанаў у Інфлянтах у XVIII ст. // Герольд Litherland. 2023. № 24. С. 40—47, іл.

© Валерый Пазднякоў, 2025


[1] АВАК.35.462—504.

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.