Артыкулы: Сініцкі / Сяніцкі Крыштаф Казiмiр

Сініцкі / Сяніцкі Крыштаф Казiмiр (1671—1711) — ваенны і палітычны дзеяч.

З шляхецкага роду герба «Бонча». Бацька: Веспасіян Сініцкі (?—1689). Маці: Аляксандра з Станкараў. Стрыечны брат: Сініцкі / Сяніцкі Людвiк (2.2.1677—пасля 1754).

Вучыўся ў Каралявецкім (з 1689) i Лейдэнскiм (з 1692) універсітэтах. Пасля вяртання ў 1695 пакаёвы дваранiн караля Аўгуста II, харужы ноўгарад-северскi з 1700. Імаверна, удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 18.11.1700 з прыхільнікамі групоўкі Сапегаў. За заслугі атрымаў у 1701 Дудскае стараства (Дуды і Лотва ў Ашмянскім павеце) пасля забітага ў Алькеніцкай бітве Міхала Сапегі, але хутка пазбавіўся яго. Увосень 1701 удзельнічаў у з'ездзе рэспублікантаў у Гародні, дзе абмяркоўваліся з Сапегамі ўмовы замірэння. Удзельнічаў у падпісанні пацыфікацыйнага акта 16.1.1702 на Варшаўскім сойме. Магчына, у гэты час перайшоў з кальвінізму на каталіцтва (прыняўшы імя Казімір) і атрымаў ад Аўгуста ІІ у кіраванне прыбытковую Магілёўскую эканомію, стаўшы яе адміністратарам. У верасні 1702 удзельнічаў у аблозе расійскімі і вялікалітоўскімі войскамі сапегаўскага Старога Быхава (гл. Быхава аблога 1702). Пасля капітуляцыі Быхава 10.10.1702 стаў на чале новага гарнізона як губернатар Быхава. Намінацыя была пацверджана з'ездам шляхты ў Ражанай 7.12.1702. Таксама прызначаны адміністратарам Быхаўскага графства. З 1703 генерал-маёра войска ВКЛ, камандзір пешага рэгімента, мечнік ВКЛ. Пасол на Люблінскі сойм 1703. Гетман ВКЛ Міхал Вішнявецкі перадаў пад каманду Сініцкага драгунскі полк, да якога той далучыў уласную харугву. У 1704 удзельнічаў у з'ездзе прыхільнікаў Аўгуста ІІ пад Сандамірам, дзе была абвешчана Сандамірская канфедэрацыя. Улетку 1704 ваяваў супраць шведаў у Жамойці і Курляндыі. Як узнагароду атрымаў ад Аўгуста ІІ у трыманне Чачэрскае стараства. Дапамагаў гетману Вішнявецкаму ў намаганнях узяць Варшаву, якая знаходзілася ў руках шведаў і прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага, але поспеху не атрымалі. 26.5.1705 сілы Вішнявецкага, Сініцкага, Аляксандра Меншыкава і саксонцаў зноў спрабавалі захапіць Варшаву. Сініцкі, набыўшы сілу, паводзіў сабе агрэсіўна ў адносінах да шляхты і гарадоў. У 1704 прымусіў Магілёў выплаціць 5 тыс. талераў. У 1705 па загадзе гетмана Вішнявецкага аблажыў Слуцк, дамагаючыся ад яго грошай на ўтрыманне войска (узяў 40 тыс. тымфаў). У лютым 1706 сілы Сініцкага былі разбіты шведамі пад Алітай, 1.3.1706 — пад Алькенікамі. У Быхаў Сініцкі не дапусціў украінска-казацкі гарнізона, на чым настойваў цар Пётр І. У 1706 атрымаў урад генерала артылерыі, рангі ротмістра панцырнай харугвы і рэгіментара Беларускай дывізіі.

Пасля адрачэння Аўгуста ІІ ад польскага трона групоўка гетмана Вішнявецкага разам з Сініцкім пагадзілася з каралём Станіславам Ляшчынскім, які захаваў за Сініцкім урад генерала артылерыі, але адабраў урад мечніка ВКЛ. У 1707 Сініцкі заключыў дамову з Сапегамі наконт трымання маёнткаў Горы-Горкі, Лоеў, Баркулабава ўзамен за 70 тыс. талераў. Быў дэпутатам Трыбунала ВКЛ у 1707. У 1707 пад Начай перахапіў расійскі абоз з грашыма (30 тыс. рублёў, або 600 тыс. злотых), якія прызначаліся гетману Рыгору Агінскаму для заплаты войску ВКЛ і подкупу прыхільнікаў Вішнявецкага. Пад Барысавам і Бабром атрад Сініцкага быў разбіты расійскімі войскамі, потым абложаны ў Быхаве. Не атрымаўшы дапамогі, гарнізон капітуляваў (гл. Быхава абарона 1707). Сініцкі са стрыечным братам Людвікам Сініцкім быў арыштаваны і высланы ў Маскву, потым у Табольск. Памёр паміж Сургутам і Нарымам на р. Обь.

Трымаў Магілёўскую і Шаўліскую эканоміі, Чачэрскае, Ліпнішскае, Геранёнскае стараствы, Горы-Горкі (маёнтак Сапегаў), Дуды і Лотва (1701, у Ашмянскім павеце), Святыя Азёры (у Літве), Люцын, Геверус (да 1703), Азупіны (з 1703, у Інфлянцкім ваяводстве), Рэкту і Кульчыцы (з 1705, у Рэчыцкім павеце).

Пабудаваў палац у Палыкавічах пад Магілёвам.

Падрабязнасці:

Rachuba Andrzej. Sienicki Krzysztof Kazimierz // Polski słownik biograficzny. Warszawa; Kraków, 1996. Tom XXXVII/1. Zeszyt 152. S. 151—153.

Осада Быхова в 1702 и 1707 годах и препровождение в Сибирь бывшего там комендантом Литовского мечного, генерал-маиора Синицкаго // Могилевские губернские ведомости. 1860. № 13. С. 131—132; № 14. С. 141—143; № 15. С. 153—154; № 16. С. 162—163; № 17. С. 172—174; № 24. С. 261—263.

H.W. Bracia Sieniccy // Tygodnik Illustrowany. 1902. Nr 28. S. 546—547; Nr 29. S. 569—571; Nr 30. S. 592—594.

Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697—1794). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Andrzej Rachuba i Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Andreja Macuka i Jewgienija Aniszczenki. Warszawa: DiG, 2004. 448 s.

© Валерый Пазднякоў, 2006+

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.