Артыкулы: Сініцкі / Сяніцкі Людвiк
Сініцкі / Сяніцкі Людвiк (2.2.1677—паміж 1754 і 24.1.1757) — ваенны і палітычны дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Бонча». Бацька: Павел Сініцкі (?—25.6.1688). Маці: Канстанцыя з Станкараў. Стрыечны брат: Сініцкі / Сяніцкі Крыштаф Казiмiр (1671—1711).
Атрымаў адукацыю ў кальвінісцкай школе. У грамадскім жыцці ўдзельнічаў з часу абрання караля Аўгуста ІІ у 1697. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1698. У гусарскай харугве Міхала Вішнявецкага (будучага гетмана) камандаваў початам, потым паручнік у пяцігорскай харугве, палкоўнік. У Паўночную вайну 1700—1721 цесна супрацоўнiчаў з братам К.К.Сініцкім, атрымаў ад яго пасады намесніка адміністратара Магілёўскай эканоміі і вiцэ-губернатара Быхава. У 1706, пасля пераходу Вішнявецкага на бок караля Станіслава Ляшчынскага, камандаваў Беларускай дывізіяй войска ВКЛ. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1707. У1707 удзельнічаў у захопе пад Начай расійскага абозу з грашыма, якія прызначаліся гетману Рыгору Агінскаму, у абароне Быхава ад расійскіх войскаў (гл. Быхава абарона 1707). Пасля капітуляцыі Быхава разам з братам вывезены ў Маскву, потым у Табольск, Самараўскі Ям. Пасля смерці брата адпраўлены праз Сургут, Нарым, Енісейск, Алімск у Якуцк. У Якуцку перайшоў у каталіцтва. У 1722 вызвалены. У 1733 удзельнiчаў у абраннi на трон Станiслава Ляшчынскага. У 1735—1748 цiвун рэтаўскi (Рэтаў у Жамойці).
Аўтар мемуараў «Дакумент асаблiвай мiласэрнасцi Божай, што цудоўна пераводзiць з кальвiнскай секты пэўнага слугу i паклоннiка божага ў Хрыстовы касцёл» («Dokument osobliwego miłosierdzia Boskiego cudownie z kalwińskiej sekty pewnego sługę i chwalcę bożego do Kościoła Chrystusowego pociągający»; Вiльня, 1754), дзе змясцiў апiсанне Сiбiры, веры i звычаяў мясцовых народаў, даў звесткi пра Японiю.
Маёнткі: Гойжаў (Жамойць), Шаўкоты, Востраў (Упіцкі павет).
Жонка 1-я: N.
Жонка 2-я (шлюб 30.9.1726): Тэрэза з Камароўскіх (бацька: Міхал Камароўскі, лоўчы бускі; маці: Барбара з Лапацкіх). Яе 1-ы муж (прынамсі з 1704): Казімір Адам Аляксандравіч Кяжгайла Шэмет, цівун эйрагольскі, падкаморы жамойцкі.
Пахаваны 24 студзеня
Творы:
Сеницкий Людвик. Документ особого милосердия божьего чудесно из кальвинистской секты верного слугу и почитателя своего в Христову церковь привлекший, с изложением некоторых разногласий возникающих между учением Вселенской Католической Церкви, и преданием выдуманным разумом человеческим Лютеранской, Кальвинистской, Греческой, и иных в этой Книге отображенных и названных Сект. И с воспоминанием о менее известных Московского государства краях, в языческих заблуждениях еще состоящих, для духовной пользы людей в разных сектах от единства Вселенской Церкви отпавших, отчасти из упрямства, отчасти из неведения живущих, из печати первый раз выходящей в Вильно в типографии Е. К. М. Преподобных О. О. Францисканцев Господнего 1754 года. Койданава. 2010. 112 с.
Дыярыуш Людвіка Сяніцкага 1707—1722 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. 2021. № 12. С. 31—35.
Падрабязнасці:
Kriegseisen Wojciech. Sienicki Ludwik // Polski słownik biograficzny. Warszawa; Kraków, 1996. Tom XXXVII/1. Zeszyt 152. S. 153—155.
Россия и Польша. Историко-культурные контакты (сибирский феномен). Материалы Международной научной конференции. 24—25 июня 1999 г. Якутск. Новосибирск: Наука, 2001. 221 с.
Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697—1794). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Andrzej Rachuba i Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Andreja Macuka i Jewgienija Aniszczenki. Warszawa: DiG, 2004. 448 s.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom III. Księstwo Żmudzkie. XV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opracowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym. Warszawa: DiG, 2015. 370 s.
© Валерый Пазднякоў, 2006+
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


