Артыкулы: Сташкоўскі Якуб

Сташкоўскі Якуб (каля 1470—8.12.1536) — дзеяч каталіцкай царквы.

З шляхецкага роду герба «Багорыя». Бацька: Ян, бургграф слаўкаўскі. Браты: Ян; Геранім, каралеўскі кухмістр. Сястра: Канстанцыя (муж: Андрэй з Радашаўніцы).

З 1488 вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Магчыма, вучыўся ў Італіі. Пасля стаў святаром. З 1492 натарыус, у 1502—1512 канонік пазнанскі, з 1522 канонік кракаўскі, з 1523 канонік сандамірскі. З 1503 пісар канцылярыі вялікага князя літоўскага Аляксандра, з 1505 яго сакратар, з 1506 сакратар Жыгімонта Старога. У 1512 пазнаёміўся з Джавані Батыста Тэдальдзі (Giovanni Battista Thedaldi), сынам гуманіста Лактанцыя (Lactanzius, Lattanzio), які наведваў у Польшчы сваякоў. У 1514 выязджаў у Рым. У 1519 зрабіў пелігрымку ў Святую Зямлю. Суправаджаў у паездках па Польшчы і ВКЛ папскага нунцыя Захара Ферэры (Zacharias Ferreri), з ім як «малодшы нунцый» ехаў Тэдальдзі, з якім у ВКЛ С. вёў размовы пра мінералы і расліны (пра гэта Тэдальдзі напісаў працу «Discorso [...] sopra la pianta dell’aspalato, il musco e l’ambracane...»). У 1520-х г. С. быў у атачэнні віленскага біскупа Яна з літоўскіх князёў, які зарбіў С. першым схаластыкам у віленскай капітуле (1523). Разам з гэтым атрымаў алтарыю Усіх Святых у Віленскім катэдральным касцёле і Талоцішкі ў Ашмянскім павеце. Стаў таксама канцлерам біскупа (1523—1526), генеральным вікарыем і афіцыялам (1524—1525).

Пахаваны ў Вавельскім катэдральным касцёле.

Падрабязнасці:

Kaniewska Irena. Staszkowski Jakub // PSB. T. 42/4. Z. 175. Warszawa; Kraków, 2004. S. 551—553.

Thedaldi G. Discorso [...] sopra la pianta dell’aspalato, il musco e l’ambracane... // Notizie dei secoli XV e XVI sull’Italia, Polonia e Russia / raccolte e publicate da Sebastiano Ciampi. Firenze, 1833. S. 115.

Przyałgowski Win. Ks. Żywoty biskupów wileńskich. Tom I. Petersburg, 1860. I, 200, III s. (S. 11—12).

Pociecha Władysław. Królowa Bona (1494—1557). Czasy i ludzie odrodzenia. T. I—II. Poznań: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1949.

Pociecha Władysław. Z dziejów stosunków kulturalnych polsko-włoskich // Studia z dziejów kultury polskiej. Warszawa, 1949.S. 182, 185.

Quirini-Popławska Danuta. Z działalności Włochów w I połowie XVI wieku. (Nowe szczegóły o Guccich i Thedaldich) // Studia Historyczne. 1969. R. XII. Z. 2 (45). S. 171—199. (S. 187, 195—196).

Ališauskas Vytautas, Jaszczołt Tomasz, Jovaiša Liudas, Paknys Mindaugas. Lietuvos katalikų dvasininkai XIV—XVI a. Vilnius: Aidai, 2009. (LKMA metraštis, t. XXXI. Bažnyčios istorijos studijos. Tomas II). 458 p.

© Валерый Пазднякоў, 2025

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.