Артыкулы: Сямашка (Сямашкавіч) Багдан Міхайлавіч

Сямашка (Сямашкавіч) Багдан Міхайлавіч (?—каля 1555) — дзяржаўны дзеяч. Стараста ковельскі ў 1543—1549, маршалак гаспадарскі з 1551.
З роду Сямашкаў герба ўласнага. Бацька: Міхайла (?—1532/3), харужы зямлі Валынскай. Маці: Марыя, дачка луцкага войта Яна Сыгнатара. Брат: Пётр (?—каля 1560).
У маладосці служыў ваяводзе віленскаму і канцлеру ВКЛ Ольбрахту Гаштольду. Прынамсі з 1528 яго пісар. Пад лацінскім псеўданімам Deodatus Septennius напісаў лацінскі панегірык на хвалу роду Гаштольдаў, у якім адзначыў, што па загадзе канцлера ён рэдагаваў Статут ВКЛ. Удзельнічаў у правядзенні судовых працэсаў, сведчыў юрыдычныя акты. Пасля смерці Гаштольда (1539) быў дваранінам каралевы і вкл Боны (называўся таксама гаспадарскім дваранінам). У 1541 быў адным з трох дворных суддзяў для Троцкага павета. У 1542 спраўца (намеснік) луцкага старасты. Удзельнічаў у камісіях па размежаванні і падзелу панскіх маёнткаў. Па даручэнні Боны ў 1543—1549 кіраваў Ковельскім маёнткам на Валыні (з тытулам старасты ковельскага). Далей быў пісарам Боны. Прынамсі з 1551 маршалак гаспадарскі, удзельнічаў у соймах ВКЛ. У 1552 прызначаны галавой пасольства ў Малдову, але яно не адбылося. У 1554 уключаны ў склад камісіі па размежаванні ВКЛ і Кароны Польскай.
Тастамент склаў у 1555.
Вызнаваў праваслаўе.
Маёнткі: Бужаны, Паповічы, Сэрготын, Сернікі, Свіднік (Валынь), трымаў Мельніцу на Валыні (ад Боны). Маёнтак ад жонкі Тучын (Луцкі павет).
Жонка: Ганна (?—1576). Бацька: кн. Багдан Іванавіч Пуцяціч. Яе 2-і муж: кн. Андрэй Масальскі.
Сын: Аляксандр (?—12.11.1597), падкаморы ўладзімірскі ў 1566—1581, кашталян брацлаўскі ў 1581—1597, стараста луцкі ў 1589—1597.
Дачка: Ганна (муж: Аляксандр Ваганоўскі, маршалак гаспадарскі).
Падрабязнасці:
Lulewicz Henryk. Siemaszko (Siemaszkowicz) Bohdan // PSB. 36/4. Z. 151. S. 604—605.
Lazutka Stanislovas, Gudavičius Edvardas. Deodato Septenijaus Gośtautu „Panegirika” // Lietuvos Istorijos Metraśtis. 1976 metai. Vilnius, 1977.
Kamieński Andrzej. Kariera rodu Siemaszków w XV—XVII wieku // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. III. Poznań, 1989. S. 179—202.
Цітоў Анатоль. Пячаткі старажытнай Беларусі. Нарысы сфрагістыкі. Мінск: Полымя, 1993. 239 с., іл.
Ochmański Jerzy. Deodatus Septennius — zagadkowy autor “Pochwały” Olbrachta Gasztołda z około 1529 roku // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica VI. Poznań,1995.
Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku. Spisy. Tom III. Ziemie ruskie. Zeszyt 5. Urzędnicy wołyńscy XIV—XVIII wieku / Opracował Marian Wolski. Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 2007. 189 s.
Семянчук Альбіна. Дзве «Пахвалы» пяра Дэадатуса Септэніюса // Герольд Litherland. 2014. № 20. С. 72—79, іл.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


