Артыкулы: Сяліцкі Богуш Янавіч
Сяліцкі Богуш Янавіч (у манастве Нафанаіл) (?—да 17.7.1595) — ваенны і царкоўны дзеяч. Дваранін гаспадарскі з 1554, ротмістр аршанскі, архіепіскап полацкі, віцебскі і мсціслаўскі ў 1592—1595.
З шляхецкага роду герба «Корчак». Бацька: Ян Міхайлавіч Сяліцкі (?—паміж 2.2. і 5.5.1531). Маці: Ждана Бунакоўна. Брат: Ігнат Янавіч Сяліцкі. Сёстры: Багдана Янаўна Сяліцкая (муж: Грышка Лявонавіч Шэляга / Шэляжыч, кравец віленскі); Марына (муж: Андрэй Мікіціч, мешчанін віленскі).
У 1546 як баярын Віленскага павета выклікаў у гаспадарскі суд баярына віцебскага Міхаіла Курэйшава (у справе жаніцьбы на яго падчарыцы Алюхне) і баярына віцебскага Фёдара Дашковіча[1].
У 1547 быў служэбнікам Кацярыны Станіславаўны Глябовіч, удавы старасты жамойцкага Мацея Войцехавіча Клочкі[2]. У 1550 меў судовую справу з Грышкам Лявонавічам Шэлягам адносна выправы сваёй сястры Багдане.
Дваранін гаспадарскі з 1554[3]. У 1559 быў прыставам пры маскоўскім паслу Раману Піваву[4]. У 1561 выклікаў у суд мітрапаліта кіеўскага Сільвестра адносна валодання маёнткамі Дахаўшчына і Грыцаўшчына[5]. У 1561 (?) выклікаў у суд Яна Завішу за невяртанне доўгу 200 коп грошаў[6].
У 1561 на гаспадарскай службе ў Полацку захварэў і запісаў сваёй жонцы маёнткі[7].
Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—1582. У 1567—1569 ротмістр пешай роты Аршанскага замка. Вядомы яго ліст з Оршы да старасты аршанскага Ф.С.Кміты Чарнобыльскага з 30.7.1567 у справе абароны замка[8] і інш. Быў ротмістрам да сканчэння вайны (тытулаваўся так і ў 1588). У 1581 ротмістр, спраўца Аршанскага стараства[9].
Ад вкл Жыгімонта Аўгуста атрымаў прывілей на пляц у рынку Оршы, што пацвердзіў 19.7.1580 Стафан Баторый[10].
У 1582 пасланец Рады ВКЛ да паноў Полазаў у маёмаснай справе[11].
У 1588 выступіў адным са сведкаў фундуша Багдана Паўлавіча Сапегі і яго жонкі Палоніі Цімафееўны Друцкай-Сакалінскай на карысць Свята-Троіцкага брацтва ў Вільні[12].
16.2.1592 Жыгімонт ІІІ Ваза выдаў прывілей Богушу Сяліцкаму на ўладыцтва полацкае, віцебскае, мсціслаўскае з усімі прыналежнасцямі (акрамя Ануфрыеўскага манастыра пад Мсціславам і маёнтка Папыні)[13]. Пасля гэтага прыняў манаства з імем Нафанаіл. Маёнткі архіепархіі перадаў Нафанаілу каралеўскі дваранін Еранім Васілеўскі[14].
З яго духоўных чынаў вядомы: паставіў мсціслаўскага пратапопа Івана Іпацевіча[15], папа ў царкву ў Селішчах (Мсціслаўскае ваяв.)[16]. Вёў судовыя працэсы з Янам Нарушэвічам адносна валодання маёнткам Кушлікі (1594)[17] і з полацкімі езуітамі адносна сёлаў Нача і Кукішкі / Кушлікі (1595)[18].
20.12. 1594Нафанаіл саступіў царкоўную зямлю ў сяле Дзяготкі ў Полацкім ваяводстве Марціну Прылупскаму, за якую пазней судзіўся з Прылупскім наступны архіепіскап Герман Загорскі[19].
5.5.1595 Жыгімонт ІІІ, маючы звесткі пра Нафанаіла, што «в подошлом веку будучи, обложною хоробою зложонъ и близский смерти естъ», прызначыў яму намесніка і наступніка (каад’ютара) — Рыгора Іванавіча, протанатарыя Кіеўскай архіепіскапіі і мітраполіі[20]. 17.7.1595 Нафанаіл упамянуты як нябожчык[21].
Аўтар Баркулабаўскага летапісу адзначыў, што Нафанаіл памалу ўводзіў новы каляндар, бо быў родам паляк і размаўляў па-польску[22].
Маёнткі: Гуры (каля Вільні) — маёнтак жонкі, Любкаўшчына/ Любшчына/ Любчын (Адамаслаўле/ Дамаслаўле) (Віцебскі пав.). Вена жонкі — дварэц Строцкі над ракой Страчаю ў Бакштах Свірскіх (сужэнцы прадалі ў 1556 князю Лукашу Баляслававічу Свірскаму).
Трымаў у заставе ў 1566—1592 гаспадарскі маёнтак Чарняцічы з сёламі Ананічы, Міцькавічы, Лотва, Артымовічы (Ашмянскі пав.), які пасля перайшоў да яго сына Мікалая, а пасля яго смерці — да Яна[23].
Жонка (шлюб прынамсі з 29.1.1554): Марына Іванаўна Ермалянка/ Гермалянка (бацька: Іван Ярмола/ Ермоліч (?—да 28.4.1550), цівун і гараднічы троцкі; маці: Марыя/ Марына Марцінаўна).
Сыны: Мікалай, ротмістр Аршанскага замка (павета); Іван/ Ян Самуэль Богушавіч (?—1613), пісар гродскі полацкі ў 1610—1613, падстолі полацкі ў 1612—1613.
© Валерый Пазднякоў, 2025
[1] Lietuvos metrika. Knyga Nr. 29 (1546—1547). Užrašymų knyga 29 / Parengė Inga Ilarienė. Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 2016. № 47. Р. 82.
[2] КМФ-18.1.29.130.
[3] КМФ-18.1.247.53.
[4] Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 59. Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским. Т. 2 (1533—1560 г.). СПб., 1887. С. 590.
[5] Lietuvos Metrika (1554—1568). 35-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija). = Литовская Метрика (1554—1568). 35-я книга судных дел / Tekstus parengė Saulė Viskantaitė-Saviščevienė, Irena Valikonytė. Rodykles parengė Saulė Viskantaitė-Saviščevienė. Vilnius: Vilniaus universiteto leidykla, 2018. № 99. Р. 144—145.
[6] Lietuvos Metrika (1559—1563). 40-oji Teismų bylų knyga (XVII a. pradžios kopija) = Литовская Метрика (1559—1563). 40-я книга судных дел / Tekstus parengė Neringa Šlimienė, Irena Valikonytė, rodykles parengė Neringa Šlimienė. Vilnius: Vilniaus universiteto leidykla, 2015. XXXII, 467 p., pav. (№ 114. Р. 167).
[7] КМФ-18.1.256.523 адв.—524 адв.
[8] Archiwum XX. Sanguszków w Sławucie (dyplomataryusz gałęzi Niesuchojeżskiej. T. II). Tom VII. 1554—1572. We Lwowie, 1910. XXVI, 433 s. (S. 170—172).
[9] КМФ-18.1.68.118.
[10] КМФ-18.1.66.118—118 адв.
[11] КМФ-18.1.274.380—382.
[12] Вестник Западной России. 1866. Год IV. Т. ІІ. Кн. V. С. 25—29.
[13] КМФ-18.1.77.293 адв.—294; КМФ-18.1.78.111—111 адв.; Витебская старина. Т. 5. Ч. 1. № 54. С. 86—87; АЮЗР.1.238.
[14] КМФ-18.1.277.603 адв.
[15] КМФ-18.1.283.192—193 адв.
[16] КМФ-18.1.76.558 адв.
[17] 6.1.13.24—28 адв.
[18] КМФ-18.1.277.603—605.
[19] КМФ-18.1.285.331—332.
[20] КМФ-18.1.76.544 адв.
[21] КМФ-18.1.76.558 адв.
[22] Вайтовіч Н.Т. Баркулабаўскі летапіс. Мінск: Навука і тэхніка, 1977. 205 с., іл. (С. 176).
[23] КМФ-18.1.277.39 адв.—42.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


