Артыкулы: Валынь
Валынь, гістарычная вобласць на Украіне ў басейне правых прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга. З 10 ст. гэтыя землі ў складзе Кіеўскай Русі, у 12 ст. ўтварылася Уладзіміра-Валынскае княства, у канцы 12 ст. — Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 В. спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. З канца 13 ст. на В. існавала Луцкая праваслаўная епархія. Відаць, у 1320-х г. у Луцку стаў княжыць Любарт, з чаго пачаўся працэс уваходжання В. ў склад ВКЛ. У 1340 польскі кароль Казімір ІІІ захапіў Галіцкую зямлю са Львовам і ў саюзе з Венгрыяй пачаў узбр. барацьбу супраць ВКЛ за В. У 1349 ён захапіў Луцк, Уладзімір, Берасце, Холм. У адказ Кейстут у маі 1350 заняў Луцк, Радам, Сандамір, а ў 1351 — Львоў, Белз, Уладзімір, Берасце. Паводле перамір’я 1352 Галіччына адышла да Польшчы, а В. засталася ў складзе ВКЛ, акрамя Крэменецкай вол., дзе правіў кн. Юрый Нарымонтавіч як сумесны васал ВКЛ і Польшчы. У 1366 Казімір ІІІ захапіў у Любарта Холм, Белз, Уладзімір. Пасля яго смерці (1370) Любарт і Кейстут вярнулі сабе Уладзімір, а пасля смерці наступнага польскага караля Людвіка І (1382) Любарт узяў астатнія валынскія гарады, акрамя Холма і Белза, якія назаўсёды засталіся ў складзе Польскага каралеўства. Пасля смерці Любарта (каля 1384) В. адышла да яго сына Фёдара. Польскі кароль Уладзіслаў ІІ (Ягайла) у канцы 1386 забраў сабе большую частку В. з Луцкам і ў 1388 перадаў яе Вітаўту як кампенсацыю за страчаныя ім уладанні. Пасля Востраўскага пагаднення 1392 Вітаўт падначаліў сабе ўсю В., выгнаўшы Фёдара Любартавіча з Уладзіміра, і перадаў яе кіеўскаму кн. Скіргайлу. Пасля смерці Вітаўта (1430) Ягайла вярнуў Уладзімір Фёдару, але той неўзабаве памёр, завяшчаўшы свае ўладанні Ягайлу. Аднак польскія войскі выбіў з В. вял. князь літоўскі Свідрыгайла. Новы вял. князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч у 1438 захапіў у яго Луцк і большую частку В. У заключаных з Польшчай актах дзярж. уніі Жыгімонт перадаў пасля сваёй смерці В. польскай кароне. Пасля смерці Жыгімонта В. падначаліў сабе кн. Сангушка, які ў канцы 1440—пач. 1441 вёў супраць Польшчы ваенныя дзеянні за гарады Ратна і Любомль. У пач. 1442 валынскія князі і паны перадалі В. пад уладу Свідрыгайлы, імкнучыся выйсці з-пад уплыву цэнтр. улады ВКЛ, аднак Крэменецкі пав. застаўся пад уладай новага вял. князя літоўскага Казіміра ІV. Свідрыгайла лічыў сябе незалежным манархам В., працягваў тытулавацца вял. князем. У 1445 прызнаў сябе васалам Казіміра IV. Пасля смерці Свідрыгайлы (1452) В. занята войскамі ВКЛ. Валынская зямля ў складзе ВКЛ займала тэрыторыю ў басейне паўд. прытокаў Прыпяці: Выжаўкі, Турыі, Стахода, Стыра, Гарыні, а таксама часткова Зах. Буга. У Валынскай зямлі знаходзіліся гарады Луцк, Уладзімір, Сцепань, Чартарыйск, Ковель, Турыйск, Алыка, Берастэчка, Астрог, Корац, Звягель, Заслаў, Збараж, Вішнявец, Дубна, Клевань, Чацвяртня. У 15 ст. на В. склаліся буйныя княжацкія латыфундыі Астрожскіх, Вішнявецкіх, Чартарыйскіх, Збаражскіх, Сангушкаў. У складзе ВКЛ статус Валынскай зямлі вызначаўся ўстаўнымі граматамі (пасля 1452, у 1501, 1509, 1547). В. падзялялася на Луцкі, Уладзімірскі і Крэменецкі пав. Гал. валынскім ураднікам быў луцкі стараста, які звычайна прызначаўся і маршалкам Валынскай зямлі — начальнікам узбр. сіл. Ва Уладзіміры і Крэменцы былі свае старасты (намеснікі, дзяржаўцы). Шляхта Валынскай зямлі збіралася на мясц. соймікі. У 1565—66 на аснове Валынскай зямлі створана Валынскае ваяводства, якое з 1569 у складзе Польскага каралеўства.
Літаратура:
Jabłonowski A. Ziemia Wołyńska w połowie XVI wieku // Źródła dziejowe. 1877. T. 6;
Андрияшев А. Очерк истории Волынской земли до конца XIV ст. Киев, 1888;
Батюшков П.Н. Волынь: Исторические судьбы Юго-Западного края. СПб., 1888;
Филевич И. Борьба Польши и Литвы-Руси за галицко-владимирское наследие. СПб., 1890;
Любавский М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. [M., 1892]. С. 209—235;
Леонтович Ф.И. Очерки истории литовско-русского права. Вып. 1. СПб., 1893. С. 202—347;
Иванов П.А. Исторические судьбы Волынской земли с древнейших времен до конца XIV века. Одесса, 1895;
Halecki O. Ostatnie lata Świdrygiełły i sprawa wołyńska za Kazimierza Jagiellończyka. Kraków, 1915;
Яго ж. Przyłączenie Podlasia, Wołynia i Kijowszczyzny do Korony w roku 1569. Kraków, 1915;
Rocznik Wołyński. T. 1—7. Równe, 1930—39;
Яковенко Н.М. Українська шляхта з кінця XIV до середини XVII ст.: (Волинь і Центральна Україна). Київ, 1993;
Троневич П. Волинь в сутінках української історії XIV—XVI ст. Луцьк, 2003.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


