Артыкулы: Варанецкія
Варанецкія, княжацкі род герба «Карыбут». Нашчадкі Карыбута Альгердавіча, галіна князёў Збаражскіх. Князь Фёдар Васілевіч Збаражскі меў сыноў Аляксандра — родапачынальніка Парыцкіх, а таксама Юрыя і Войну, ад якіх пайшлі 2 лініі В. Прозвішча ад маёнтка Варончын у Луцкім пав. Найб. вядомыя:
Юрый Фёдаравіч (?—пасля 1577), сын Фёдара Васілевіча. Тытулаваўся князем Збаражскім і Варанецкім. Пры падзеле спадчыны ў 1529 атрымаў разам з братам Войнам вотчынныя маёнткі Варончын і Трысцен на Валыні. Пасол на элекцыйны сойм 1573. Меў сыноў Якуба, Андрэя, Аляксандра, Януша, Міхала.
Война Фёдаравіч (?—каля 1564), сын Фёдара Васілевіча. Тытулаваўся князем Збаражскім, Варанецкім, Трысценскім. Меў сыноў Льва, Станіслава і Мацея.
Якуб Юр’евіч (?—1598), сын Юрыя Фёдаравіча. У 1568 каралеўскі сакратар і дваранін. У 1570 пробашч геранёнскі, плябан ковенскі, адначасова з 1578 пробашч ловіцкі і скерневіцкі (Польшча), з 1594 плябан кейданскі. У 1578 прызначаны Жыгімонтам Аўгустам жамойцкім біскупам, а ў 1585 Стафанам Баторыем — кіеўскім біскупам, але абодва разы не быў зацверджаны (у 1585—88 тытулаваўся біскупам-намінатам кіеўскім).
Андрэй (?—каля 1580), сын Юрыя Фёдаравіча. У 1577 каралеўскі сакратар, у 1578 канонік лянчыцкі (Польшча). Вучыўся ў Рыме.
Аляксандр (?—пасля 1582), сын Юрыя Фёдаравіча. У 1582 плябан дудскі.
Міхал (?—пасля 1582), сын Юрыя Фёдаравіча. Валодаў маёнткамі ў Чэрскай зямлі (Мазовія). Жонка — былая каханка Жыгімонта Аўгуста Барбара Гіжанка. Меў шматлікіх нашчадкаў.
Януш Юр’евіч (?—пасля 1603), сын Юрыя Фёдаравіча. Пробашч ловіцкі, дэкан гнезненскі, каралеўскі падскарбі. Валодаў Варончынам, Катовай Воляй і Міжлессем у Луцкім пав.
Леў (?—пасля 1595), сын Войны Фёдаравіча. Падстараста пінскі ў 1582—86, суддзя гродскі крэменецкі з 1591; пасол на элекцыйны сойм 1573. Меў маёнткі ў Луцкім пав.
Літаратура:
Баумгартен Н.А. Происхождение князей Вишневецких, Збаражских и Воронецких // Летопись Историко-родословного общества в Москве. 1910. Вып. 4.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


