Артыкулы: Вернер фон Орзельн (Werner von Orseln)

Вернер фон Орзельн (WernervonOrseln; каля 1280—18.11.1330), вялікі магістр Нямецкага ордэна. Паходзіў з Германіі. Як член ордэна ўпамінаецца з 1312, калі быў комтурам Рагнеты — замка на мяжы з Жамойцю. З 1314 вял. комтур, а таксама комтур канвента (кляштара) у Марыенбургу. Быў намеснікам і бліжэйшым супрацоўнікам вял. магістра ордэна Карла фон Трэвіра, у час яго вымушанай адсутнасці ў 1317—19 пакінуў сваю пасаду. Пасля смерці Карла ў 1324 стаў вял. магістрам Нямецкага ордэна. Яго абранне паклала пачатак правілу, што наступныя вял. магістры выбіраліся з ліку рыцараў, якія вызначыліся ў барацьбе супраць Польшчы і ВКЛ, а не з замежнікаў. Прыкладаў намаганні для павелічэння набожнасці, гаспадарчага развіцця Прусіі. У 1328 да яе была далучана Клайпеда (Мемель), якой раней валодалі рыцары-мечаносцы. Мяркуецца, што гэта было звязана з планамі агрэсіі супраць ВКЛ. Пасля зрыву мірных перагавораў з Польшчай у Бжэсці-Куяўскім у 1324 Прусія і Польшча пачалі шукаць саюзнікаў да будучай вайны. Польскі кароль Уладзіслаў І Лакаток заключыў саюз з вял. князем літоўскім Гедзімінам (1325), а В.ф.О. — з мазавецкімі (1326) і сілезскімі князямі, чэшскім каралём Янам Люксембургскім. Вайна пачалася ў 1327, у час яе В.ф.О. быў забіты сваім рыцарам.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.