Артыкулы: Відзы

Відзы (цяпер гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не, Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Браслаўскім пав., у канцы 18 ст. горад, цэнтр Браслаўскага ваяв. Да 17 ст. зваліся Віды. Традыцыйна лічыцца, што вядомы з 1-й пал. 15 ст., калі вял. князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40] аддаў землі паміж рэкамі Дзісна і Друкша, якія зваліся Ловішчы, ашмянскім баярам братам Доўгірду, Даўкшу і Нарушу (дакументальна гэта звестка не пацвярджаецца). У 1433 Ганна Даўгідавіч перадала Відзаўскаму касцёлу двор. У 1481 Гануш і Хведзька Доўгірды фундавалі ў Відзах драўляны парафіяльны касцёл Нараджэння Найсвяцейшый Панны Марыі, які дадаткова забяспечыў у 1498 віленскі біскуп Войцех Табар. З пач. 16 ст. В. называюцца мястэчкам. У 1523—24 маёнтак В. з касцёлам купіў канцлер ВКЛ А.Гаштольд за 500 коп грошаў у Яна Карэвіча з дазволу сваякоў апошняга. У 1521—23 некаторыя землі ў В. шляхам абмену набыў у Гаштольда лацінскі пісар ВКЛ Павел Нарушэвіч, а ў 1529 — капітула Віленскага біскупства. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 В. ў складзе Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 2-й пал. 16 ст. смаленскі кашталян Станіслаў Нарушэвіч заснаваў у В. кальвінскі збор, які дзейнічаў і ў 1-й пал. 17 ст. У 1629 В. сталі ўладаннем Пацаў. У 1639 падскарбі ВКЛ П.Пац заставіў В. віленскаму мешчаніну Андрэю Снарскаму за 40 тыс. злотых. Гетман польны ВКЛ, ваявода віленскі М.К.Пац у 1675 адпісаў свае відзаўскія ўладанні віленскім канонікам латэранскім з мэтай завяршэння будаўніцтва касцёла св. Пятра і Паўла ў Вільні. У 1709 В. пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. У 1711 у В. жыла невял. суполка манахаў-дамініканцаў. У 18 ст. пры парафіяльным касцёле дзейнічаў шпіталь. У інвентары 1731 апісана частка В., што належала віленскаму біскупу М.Я.Зяноковічу, названы вуліцы Рынкавая, Дворная, Казіная, Віленская, засценак Лукьянішкі, адзначаны 54 сям’і мяшчан, у т.л. 7 яўрэйскіх (не вядома, якая частка мястэчка была ў інш. уладальнікаў). У 1754 лоўчы браслаўскі Антоні Ваўжэцкі заснаваў у В. езуіцкую місію пры парафіяльным касцёле, у 1754—67 дзейнічала пачатковая езуіцкая школа. У 1762 езуіты пачалі будаваць свой мураваны касцёл (не скончаны). У 1764 пабудавана царква старавераў. У 1769 у В. дзейнічаў атрад барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Гараінам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 праз В. прайшлі рас. войскі з корпуса В.В.Далгарукава. Гарадзенскі сойм 1793 частку Браслаўскага пав., якая засталася ў ВКЛ пасля пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) пераўтварыў у Браслаўскае ваяв. з цэнтрам у В., якія атрымала статус горада. Паводле люстрацыі 1794, у В. каля 1300 жыхароў, 182 дымы (біскупу віленскаму І.Масальскаму належаў 51 дым, відзаўскай плябаніі — 39 дымоў, віленскім канонікам латэранскім — 42 дымы, Ваўжэцкім — 50 дымоў). У горадзе кватараваў штаб 1-га палка войска ВКЛ. У час паўстання 1794 у маі 1794 Т.Ваўжэцкі сабраў у В. атрад з 300 паўстанцаў, у чэрв. 1794 яна разбіты рас. войскамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) В. ў складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Посох Г. Видзы: (Опыт ист.-стат. описания). Ковна, 1895;

Hedemann O. Historja powiatu brasławskiego. Wilno, 1930;

Wojtkowiak Z. Lithuania transwilniensis saec. XIV—XVI: Podziały Litwy północnej w późnym średniowieczu. Poznań, 2005.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.