Артыкулы: віж

віж, службовая асоба ў ВКЛ, якая выконвала функцыі публічнага сведкі. Вядомы з 1430 на Усх. Падоллі, пасля ў інш. землях ВКЛ. Прызначаўся намеснікам (ваяводам, старастам), замкавымі ўраднікамі (падстарастам, пісарам) для агляду месца здарэння і афіцыйнага сведчання пра факты правапарушэння. Даследаваў акалічнасці злачынстваў, даваў пра іх заключэнні суду ці сведчыў пэўныя факты. Узнагароду, якую атрымліваў за выкананне сваіх функцый (віжаванае, віжаванне, віжовае) часткова перадаваў намесніку. В. прызначаліся з розных сац. груп (сялян, баяр, мяшчан, шляхты). Упершыню юрыд. статус В. акрэслены Статутам ВКЛ 1529. Аплата гаспадарскіх (велікакняжацкіх) В. складала 1 руб., В. ваяводаў і земскіх маршалкаў — палова рубля, В. дзяржаўцаў — 12 грошаў (пры нявыездзе з горада сума скарачалася напалову). Статут узаконіў наяўнасць пры В. пабочных сведкаў — «людзей добрых, веры годных», што не заўсёды вытрымлівалася. Шляхта ў барацьбе за пашырэнне сваіх правоў імкнулася ператварыць В. з элемента велікакняжацкай улады ў інстытут шляхецкага самакіравання і дамагалася памяншэння віжовага. Сойм 1551 рэфармаваў інстытут В. на ўзор возных Падляшша. В. павінны былі мець шляхецкае паходжанне, аселасць, прыносілі прысягу, пачалі атрымліваць плату ў памеры 1 грош за мілю шляху (пры нявыездзе з горада віжовае складала 2 грошы). На Украіне рэформа не была праведзена. Скасаванне інстытута В. пачалося з увядзення пасады вознага ў ходзе адм.-тэр. і судовай рэформы 1565—66, са з’яўленнем земскага і гродскага судоў з адпаведнымі штатамі. Пасада В. была яшчэ прадугледжана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588, існавала да 1-й пал. 17 ст.

Літаратура:

Zakrzewski A.B. Wiż w prawie litewskim XVI w. // Czasopismo prawno-historyczne. 1985. Z. 2;

Поліщук В.В. Свідки у русько-литовському праві до судово-адміністративної реформи 1564—1566 рр. // Молода нація. Київ, 2000. № 1;

Яго ж. Врядове вижівство в структурі публічно-правових процедур: (на матеріалі луцьких замкових книг 1558—1567 рр.) // Соціум. Київ, 2002. № 1.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.