Артыкулы: візітацыя
візітацыя, візіта (ат лац. visitatio агляд) — у каталіцкай царкве перыядычнае абследаванне іерархамі падуладных епархій, касцёлаў, кляштараў. Былі пашыранай формай пастырскай апекі і царкоўна-адміністрацыйнага кантролю за дзейнасцю парафіяльнага святарства.
Праводзіліся ў хрысціянскай царкве са старажытных часоў. У сярэдневяковай Еўропе В. праводзіліся біскупамі або іх архідыяканамі. Трыдэнцкі сабор 1545—1563 абавязаў біскупаў асабіста візітаваць сваю епархію раз у год (у крайнім выпадку — у 2 гады), у выпадку неабходнасці — часцей; калі гэта немагчыма было зрабіць асабіста, біскупу дазвалялася прызначаць для гэтага асобага візітатара. У выпадку, калі вялізныя біскупствы мелі суфраганіі, апошніх былі абавязаны праводзіць сваі В. На дэканаў быў ускладзены абавязак кожны год праводзіць В. свайго дэканата і прадастаўляць справаздачу аб ёй біскупу. Арцыбіскупам прадастаўлена права праводзіць В. (з пэўнымі абмежаваннямі) сваіх царкоўных правінцый. В. ахоплівала духавенства, вернікаў, касцёлы з іх фундушамі і маёнткамі, касцельныя карпарацыі, таварыствы, шпіталі, манаскія абшчыны (што датычыць іх душпастырскай дзейнасці). В. праводзіліся за кошт касцёлаў, якія падлягалі праверцы. У манаскіх ордэнах праводзіліся свае В. — генералам або правінцыялам ордэна. У рэальнасці генеральныя В. візітацыі праводзіліся значна радзей. Генеральныя В. Віленскага біскупства адбыліся у 1522, 1633, 1653—1654, 1668, 1673—1677, перад сінодамі 1717 і 1744.
У практыцы праваслаўнай царквы пад час аб’езду сваёй епархіі епіскап удзельнічаў у богаслужэнні, рабіў казенні, а пасля В. склікаўся мясцовы сабор, дзе падводзіліся вынікі В., а праступкі духавенства разглядаліся на судовым пасяджэнні епіскапскай кансісторыі. Такі парадак захоўвала і ўніяцкая царква, аднак з канца 17 ст. у ёй пачала распаўсюджвацца каталіцкая практыка В., пры якой епіскапы даручалі правядзенне В. сваім давераным асобам, складалася візітацыйная дакументацыя. Так былі праведзены В. епархій: Кіеўскай мітрапаліцкай (1681), Уладзімірска-Берасцейскай (1695—1696), Полацкай (1697). Мяркуецца, што ўпершыню ва уніяцкай царкве вынікі В. пачалі фіксавацца ў візітацыйнай дакументацыі пры рэвізіі Уладзімірска-Берасцейскай епархіі ў 1635, Полацкай у 1647, Кіеўскай мітрапаліцкай у 1666, Холмска-Белзскай у 1683. Пры мітрапаліту Кіпрыяну Жахоўскім (1674—1693) з’явіліся візітацыйныя фармуляры для апісання парафій. В. пачалі праводзіцца сістэматычна. Новыя В. праводзіліся па скарочанай праграме: фіксаваліся толькі змены, якія адбыліся ў параўнанні з папярэдняй В. Пасля заканчэння В. візітатары выдавалі распараджэнні па выпраўленні недахопаў (пазнейшая «рэфармацыйныя дэкрэты»). Адно з першых такіх распараджэнняў захавалася ад В. 1709 Бабруйска ў Кіеўскай мітрапаліцкай епархіі. Замойскі сабор 1720 абавязаў епіскапаў сістэматычна праводзіць В. сваіх епархій кожны год (або раз у 2 гады, калі епархія вялікая), асабіста або праз упаўнаважаных асоб, якія б вылучаліся праведнасцю і розумам. Былі вызначаны аб’екты, якія падлягалі В. — цэрквы, манастыры, капліцы, брацтвы, школы, шпіталі і інш. Аднак манастыры базыльянаў на тэрыторыі ВКЛ у 1617 былі аб’яднаны ў Віленскую кангрэгацыю Прасвятой Тройцы і мелі сваіх уласных візітатараў. У выпадку, калі б на працягу 6 месяцаў пасля епіскапскага напамінання В. манастыроў не адбылася, епіскап павінен быў сам правесці яе. Усе жаночыя базыльянскія манастыры падлягалі В. епіскапаў. Асаблівую ўвагу візітатары павінны былі звяртаць на ўнутраны стан жыцця парафій: «святасць жыцця», зберажэнне «чысціні веры», навучанню веры, пропаведзі слова Божага. Візітатары абавязваліся прасачыць, каб у епархіях ажыццяўляліся літургічныя змены, уведзеныя самім Замойскім саборам. Візітацыйная дакументацыя павінна была зберагацца ў 2 экземплярах у парафіяльным і епархіяльным (для кантролю) архівах. Епіскапам і іншым візітатарам было забаронена браць падарункі пад час правядзення В. (у якасці пакарання за такі праступак візітатар быў павінен вярнуць падарункі ў двайным памеры, епіскап мог нават страціць пасаду, свецкі візітатар — быць адлучаным ад царквы). Было вызначана, што толькі багатыя парафіі абавязаны кампенсаваць выдаткі на правядзенне В., а яе тэрмін мае быць непрацяглым, каб не абцяжарваць парафію. У час правядзення В. епіскапы павінны былі асвячаць яшчэ не асвячоныя храмы. Протапрэсвітэры і дэканы павінны былі дапамагаць епіскапам праводзіць В., а таксама візітаваць сваі дэканаты мінімум праз год пасля генеральнай візітацыі, а таксама ажыццяўляць рашэнні апошняй. На практыцы генеральныя і дэканскія В. ажыццяўляліся значна радзей. Замойскі сабор выпрацаваў фармуляр пытанняў, якія павінны былі задавацца візітатарамі пад час В. (яны маглі дапаўняцца і мадыфікавацца). Пытанні былі падзелены на 16 груп: парах, дыякан, мошчы, абразы, адпусты, хрышчэнні і мірапамазанні, еўхарыстыя, покаянні, елеяпамазанні, вянчанні, літургія, пахаванні, брацты міран, шпіталі, манахі, манахіні. Для правядзення В. епіскап мог прызначаць і звычайнага параха, якому дадаваўся пісар. Візітацыйная дакументацыя (называлася таксама «візітацыя», «візіта») — важная крыніца па гісторыі царквы, культуры, гаспадаркі. Тут апісваўся знешні і ўнутраны выгляд храмаў, фіксавалася наяўнасць абразоў, іканастасаў, алтароў, літургічных рэчаў, кніг, іншай маёмасці, гаспадарчага інвентара, зямлі і інш. Візітацыйная дакументацыя складалася пераважна на польскай мове. Епархіяльныя візіты сшываліся ў спецыяльныя кнігі па паэўных парафіях і за пэўныя перыяды. Звычайна візіты пачыналі апісанне храма з алтароў, абразоў, інш. літургічных рэчаў, пасля пералічваліся богаслужэбныя і метрычныя кнігі, святарскае адзенне. Давалася апісанне знешняга выгляду храма (у некаторых выпадках прыводзіліся малюнкі), царкоўных могілак. Потым называліся вёскі, жыхары якіх былі прыпісаны да храма; адзначаліся могілкавыя капліцы і філіяльныя цэрквы, брацтвы. Пералічваліся царкоўныя дакументы, што захоўваліся пры храме. Адзначалася, ці выканаў святар рэкамендацыі папярэдніх В. Апісваліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы плябаніі, даходы параха. Асабістая маёмасць параха апісвалася рэдка. Называліся імя і прозвішча святара, яго ўзрост, адукацыя (якую духоўную школу скончыў), гады хіратаніі і прызначэння на пасаду, склад яго сям’і. Адзначаліся яго маральныя якасці, адпаведнасць пасадзе, недахопы ў вядзенні душпастырскай дзейнасці, у гаспадарцы, даваліся рэкамендацыі па ўстраненні недахопаў.
Падрабязнасці:
Н.М. [Никодим Малишевский?] Заметка о визитах, как хранилищах исторических сведений и документов. (На память о митрополите Иосифе) // Литовские епархиальные ведомости. 1869. № 10. С. 658—662.
Малишевский Никодим. Извлечение из инвентаря визит 1703 года протопопий: Горецкой, Лепельской, Бешенковской, Голобицкой, Бабыницкой, Освейской, Брацлавской, Себежской, Полоцкой, Часницкой, Сокольнянской, Борисовской, Бобровской, Черейской, церквей Витебских — Воскресенской, Благовещенской, св. Иоанна богослова, св. Ап. Петра и Павла, Воскресенской Заручайской, церкви Задунайской и Богоявленской, протопопий: Цецержинской, Мстиславской, Белицкой, Смолянской, Быховской, Велижской, Городецкой и Велешковской // Литовские епархиальные ведомости. 1869. № 17. С. 1040—1049.
Н.М. [Никодим Малишевский?] Долгиновское и Ошмянское благочиния в 1784 году. (Извлечение из визит) // Литовские епархиальные ведомости. 1869. № 23. С. 1381—1393.
Археографический сборник документов. Т. 13, 14. Вильна, 1902, 1904;
Kurczewski J. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozwoju. Cz. 1—3. Wilno, 1908—16;
Пятровіч Наталля. Крыніцы па гісторыі каталіцызму і уніяцтва Беларусі ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы // Вяртанне-6. Выяўленне, сумеснае выкарыстанне і вяртанне архіўных, бібліятэчных і музейных каштоўнасцей, якія захоўваюцца ў замежных краінах. Мінск: БФК, 1999. С. 132—145.
Скочиляс І. Генеральні візитації в українсько-білоруських єпархіях Київської уніатської митрополії, 1596—1720 роки // Записки Наукового товариства імені Шевченка. Львів, 1999. Т. 238.
Wilczewski Waldemar Franciszek. Wizytacja diecezji wileńskiej przeprowadzona przez biskupa Mikołaja Słupskiego. Czas trwania i zasięg // Archiwa, Biblioteki i Muzea Kościelne. 1999. T. 72. S. 473—487.
Wilczewski Waldemar Franciszek. Jeszcze o wizytacji biskupa Mikołaja Słupskiego // Archiwa, Biblioteki i Muzea Kościelne. 2000. T. 74. S. 481—487.
Лісейчыкаў Дз.В. Візіты і інвентары уніяцкіх храмаў Беларусі як крыніца па гісторыі штодзённасці (паводле матэрыялаў НГАБ) // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 6. Мінск, 2005. С. 94—101.
Цвірка А.А., Яцкевіч З.Л. Візіты Заслаўскай уніяцкай царквы Праабражэння Гасподняга за 1681, 1792 гг. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 6. Мінск, 2005. С. 230—245.
Лісейчыкаў Дз.В. Пратаколы генеральнай візітацыі уніяцкіх цэркваў Кіеўска-Віленскай епархіі 1680—1682 гг. у фондах НГАБ // Rocznik Instytutu Europy Środkowo-Wschodniej. Lublin, 2007. R. 5.
Яцкевіч З.Л. Візіты Блоньскага і Пухавіцкага уніяцкіх дэканатаў 1783—1784 гг. // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Выпуск 4. Мінск, 2006. С. 76—79.
Greckokatolickie dekanaty błoński i puchowicki w latach 1783—1784 / Wstęp i opracowanie Irena Wodzianowska. Sandomierz: Wydawnictwo Diecezjalne i Drukarnia w Sandomierzu, 2006. 291 s., mapa.
Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг. Зборнік дакументаў / Укладальнік Д.В.Лісейчыкаў. Мінск: Выдавец І.П.Логвінаў, 2009. 268 с., іл.
Генеральні візитації церков і монастирів Володимирської унійної єпархії кінця XVII—початку XVIII століть: книга протоколів та окремі описи / Загальна редакція та історичний нарис Анджей Ґіль, Ігор Скочиляс, упорядкування Анджей Ґіль, Ірина Макевич, Ігор Скочиляс, Ірина Скочиляс. Львів; Люблін, 2012. CХХХVI, 280 с.
Acta primae visitationis diocesis Vilnensis anno Domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas / Sudarė, tekstus iš rankraščių parengė, mokslinį įvadą ir paaiškinimus parašė S.C.Rowell. Vilnius: Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2015. (Historiae Lituaniae Fontes Minores. T. VIII). CI, 329 p.
Белякова Е.В. Дисциплинирование духовенства и прихожан в XVI в. (по материалам поучений Кормчих западнорусской редакции) // «Вертоград многоцветный». Сборник к 80-летию Бориса Николаевича Флори. М.: Индрик, 2018. С. 369—380.
© Валерый Пазднякоў, 2010+
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


