Артыкулы: Вікінт

Вікінт, Вікент, легендарны жамойцкі князь. Хроніка Быхаўца паведамляе, што жамойцкі князь Монтвіл меў 2 сыноў: В. і Эрдзівіла. Пасля смерці бацькі вял. князем жамойцкім стаў В., а яго брат Эрдзівіл княжыў у Новагародку, Гародні, Берэсці і інш. рус. гарадах, разбураных ханам Батыем. Такім чынам, княжанне В. ўмоўна аднесена да сярэдзіны 13 ст. Падрабязнасці княжання В. не паведамляюцца. Пасля яго смерці яго ўладанні адышлі да літ. князя Жывінбуда. Аўтар летапісу Рачынскага падае тыя ж звесткі, але і адзначае, што летапісцы называюць сыноў Монтвіла інш. імёнамі — Неманас і Скірмант. Аўтар летапісу Красінскага называе сыноў Монтвіла Неманас і Скірмант, а аўтар Альшэўскага летапісы па-рознаму: у адным месцы Эрдвіл і Крымунт (апошні адпавядае В.), а потым паведамляе, што пасля смерці Монтвіла вял. князем жамойцкім стаў яго малодшы сын В. (старэйшы сын, Эрдвіл, княжыў у рус. гарадах). Румянцаўскі летапіс таксама злучае дзве версіі адносна сыноў Монтвіла: Вінінт (варыянт Вікент) і Эрдзівіл, Неманас і Скірмант. Гісторык 16 ст. М.Стрыйкоўскі называе братоў В. і Эрдзівіла. На яго думку, малодшы сын Монтіла, В., атрымаў пасля смерці бацькі княствы Жамойцкае і Куршскае, жыў у згодзе са старэйшым братам Эрдзівілам, які валодаў рус. гарадамі, і Жывібудам Дарспрунгавічам, які княжыў у Кернаве, Вількаміры, Дзяволтве і частцы Літвы паміж рэкамі Нявяжа і Вілія. Усе трое супольна ваявалі супраць русакоў і інфлянцкіх немцаў, В. аказаў дапамогу Эрдзівілу ў Крутагорскай бітве з татарамі. Як адзначае Стрыйкоўскі, некаторыя летапісы сведчаць, што В. быў забіты ў час паходу на Русь, аднак сам прытрымліваўся версіі, што В. памёр сам незадоўга перад смерцю Эрдзівіла. «Хроніка літоўская і жамойцкая» 17 ст., прыймаючы ў асноўным версію Стрыйкоўскага, паведамляе, што Монтвіл меў 3 сыноў: Эрдзівіла (ён жа Радзівіл), Нёмана і, малодшага, В. (Вікента), які пасля смерці бацькі прыняў княствы Жамойцкае і Куршскае. Прататыпам легендарнага летапіснага князя В. паслужыў часткова рэальны жамойцкі князь Выкынт.

Лiт.: Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.