Артыкулы: Вілейка

Вілейка (цяпер горад, цэнтр Вілейскага р-на, Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Ашмянскім павеце, на р. Вілія.

Узнікла на землях вядомага з 1460 велікакняжацкага маёнтка Куранец (Стары Куранец), які звычайна аддаваўся ва ўладанне магнатам. У 1464 упамінаецца дзяржаўца куранецкі Івашка (Ян) Кучук, маршалак гаспадарскі. У канцы 15 ст. маёнтак падараваны ў вотчыну Пятру Янавічу Мантыгірдавічу, а пасля яго смерці адышоў да яго ўдавы Ганны Аляксандраўны Гальшанскай. У сярэдзіне 16 ст. валоданне Мікалая Радзівіла Чорнага, які ў 1558 узамен за Куранец атрымаў ад вялікага князя іншыя маёнткі. У 1558—1566 ва ўтрыманні Мікалая Паўлавіча Нарушэвіча, з 1567 — у Мальхера Зыгмунтавіча Сноўскага. У гэты час на тэрыторыі маёнтка недалёка ад яго цэнтра — двара Куранец узнікла мястэчка Куранец (з цягам часу яно зрабілася цэнтрам уладання-дзяржавы). З 1588 маёнткам валодаў Леў Іванавіч Сапега. У 1617 мястэчка ўпамінаецца з 2 назвамі: Куранец і Вялейка, з 1635 — Вілейка. У 1635 Уладзіслаў IV падараваў Вілейку ваяводу смаленскаму Аляксандру Янавічу Гасеўскаму, пазней ім валодалі яго спадчыннікі. У 1667—1676 Вілейка належала скарбоваму пісару ВКЛ Яну Андрэю Эйдзятовічу. У 1676 Ян ІІІ перадаў яе Крыштафу Зыгмунту Пацу і яго нашчадкам. З 1676 Вілейская дзяржава называецца стараствам. У 1727 Аўгуст ІІ выдаў прывілей на таргі ў Вілейцы па нядзелях і на 3 штогадовыя кірмашы. У 1765 у мястэчку 30 дамоў, 126 жыхароў. У 1789 у Вілейцы 32 гаспадары-домаўладальнікі, 9 кутнікаў, 3 яўрэйскія сям’і. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі.

У 1-й палове XV ст. упамінаецца «поп Фома с Куренца», які ад мітрапаліта Іоны Глезны (каля 1490—каля 1494) атрымаў Мікольскую царкву ў Вільні. З 1567 у мястэчку ўпамінаецца сама царква (пазней уніяцкая). У 1702 вілейскі стараста Мікалай Андрэй Пац зрабіў фундуш на карысць Праабражэнскай царквы. У 1775 на сродкі Ю.Паца пабудавана новая царква замест старой.

Падрабязнасці:

Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского Учебного Округа. Т. 6. Вильна, 1869. С. 10.

Charkiewicz W. Zmierzch unji kościelnej na Litwie i Białorusi (przyczynki do dziejów kultury polskiej na północno-wschodnich ziemiach Rzeczypospolitej). Słonim: Księgarnia św. Wojciecha, 1929.

Ефимова Н.А. История Вилейки 15—18 веков // Вілейскі краязнаўчы зборнік. Мн., 2001. С. 28—45.

Марозава С. Дэунізацыя: вілейскі эксцэс 1834—1835 гг. (паводле крыніц) // Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2009. С. 269—275.

© Валерый Пазднякоў, 2005, 2014, 2015

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.